Прынялі змены ў закон аб масавых акцыях


Паседжанне Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, на якім абмяркоўваўся праект закону, прайшло ў другой палове дня 3 кастрычніка. Журналісты пры гэтым не прысутнічалі. Пра гэта стала вядома толькі цяпер з паведамлення, размешчанага на сайце ніжняй палаты парламенту.

Палата прадстаўнікоў прыняла адразу ў двух чытаннях законапраект аб унясенні зменаў і дапаўненняў у закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». Сярод матэрыялаў, якія раздавалі журналістам 3 кастрычніка перад адкрыццём восеньскай сесіі палаты, названага законапраекту не было.

Як паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў, прэзентавалі дакумент намеснік міністра ўнутраных справаў Яўген Полудзень і намеснік старшыні парламенцкай камісіі правоў чалавека, нацыянальных адносінаў і сродкаў масавай інфармацыі Анатоль Глаз. Пры гэтым тэкст дакументу не публікуецца.

Сёння а 14:30 у Палаце прадстаўнікоў адбудзецца прэс-канферэнцыя, прысвечаная прыняццю гэтага закону.

Прэс-служба палаты таксама паведамляе, што на вячэрнім паседжанні парламенту быў прыняты ў двух чытаннях законапраект «Аб унясенні зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь». У якія – не канкрэтызуецца. Яго прэзентавалі міністр юстыцыі Віктар Галаванаў (4 кастрычніка яго адправілі ў адстаўку) і кіраўнік парламенцкай камісіі правоў чалавека Аляксандр Юшкевіч.

Унясенне паправак у закон аб масавых акцыях МУС ініцыявала летам, калі па ўсёй Беларусі штотыдзень праводзіліся акцыі маўклівага пратэсту грамадзянаў, не згодных з палітыкаю кіраўніцтва краіны. У пачатковым варыянце законапраект прыраўноўваў да пікетавання нават бяздзейнасць, арганізаваную ў тым ліку праз інтэрнэт, для публічнага выказвання сваіх поглядаў.

Як стала вядома з неафіцыйных крыніцаў, у дакуменце, прынятым 3 кастрычніка, гэты пункт адсутнічае.

8 кастрычніка ў больш як 25 гарадах Беларусі мае прайсці апазіцыйная акцыя «Народны сход». У Менску яе плануецца зладзіць на плошчы Бангалор, дзе правядзенне масавых акцыяў афіцыйна дазволенае. Арганізатары вырашылі не падаваць заяўку на правядзенне сходу, палічыўшы, што яго фармат гэтага не патрабуе. На Народным сходзе плануецца абмеркаваць актуальныя эканамічныя і сацыяльна-палітычныя праблемы краіны, а таксама выбраць прадстаўнікоў, якія перададуць патрабаванні ўдзельнікаў сходу уладам.

belsat.eu

Стужка навінаў