Мішэль Плятыні: Відэапаўтораў не будзе


https://youtu.be/dnVq3J0_vEk
Аб гэтым прэзідэнт Звязу еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў (УЕФА) Мішэль Плятыні заявіў у Менску, дзе разам са старшынём Беларускай федэрацыі футболу, віцэ-прэм’ерам Сяргеем Румасам, заклаў капсулу з пасланнем нашчадкам на месцы будаўніцтва цэнтру рыхтавання нацыянальных зборных камандаў па футболе. Імпрэза была прысвечаная 100-годдзю беларускага футболу.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Мішэль Плятыні зазначыў, што пашырэнне колькасці ўдзельнікаў у чэмпіянаце Еўропы да 24-х не паўплывае адмоўна на хаду спаборніцтваў: “У Еўропе ёсць 24 вельмі добрыя каманды, якія могуць гуляць добра ці вельмі добра. Калі ўзяць зборныя, якія ўжо даўно не ўдзельнічалі ў “Еўра”, то атрымаюцца якраз 24 каманды. Думаю, гэта цудоўна, што ў турніры з’яўляецца дадатковая стадыя: 1/8 фіналу”.

На пытанне пра імавернасць ўвядзення ў еўрапейскім футболе сістэмы відэапаўтораў Плятыні заявіў: “Спадзяюся ніколі гэтага не ўбачыць, бо я думаю, што гэта нядобра для футболу. Я ведаю, што тэлебачанне хоча арганізаваць відэаарбітраж, але гэта кепская ідэя”.

Цэнтр пабудуюць на тэрыторыі комплексу футбольных палёў за Домам футболу на праспекце Пераможцаў. Як паведаміў на цырымоніі Румас, на першым этапе абсталююць тры палі з падагрэвам, на другім – тэхнічны цэнтр “з усімі памяшканнямі для гульцоў і трэнераў” (гатэль, лазня, зала адпачынку, кавярні, зімовы сад).

Тэрмін будаўніцтва – 3–3,5 года. Канчатковы каштарыс, паводле Румаса, яшчэ не гатовы. “Але ўсё, што вы бачыце на малюнку, увасобіцца ў жыццё і пабудуецца, – сказаў ён. – УЕФА удзельнічае ў будаўніцтве палёў. Ёсць спецыяльная праграма, калі УЕФА вылучае нам сродкі для будаўніцтва футбольных палёў у рэгіёнах. Мы рэгулярна карыстаемся гэтаюпраграмаю і працягнем надалей”, – зазначыў Сяргей Румас.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары