Кірыл Коктыш у “Гарачым каментары”


Уладзімір Пуцін заклікае будаваць Еўразійскі саюз: супольнасць ад Атлантыкі да Ціхага акіяну. Якую ж ролю ў ім будзе граць Беларусь?

Прапанову надрукавала газета “Известия”. У сваім артыкуле расейскі прэм’ер, а, відавочна, з наступнага года прэзідэнт гаворыць пра неабходнасць стварэння такога звязу. Першыя крокі да гэтага: АДКБ, ЕўраАзЭС, Мытны саюз – ужо зробленыя. Налета пачне дзеяць пагадненне аб адзінай эканамічнай прасторы паміж Беларуссю, Расеяй ды Казахстанам. Пуцін бачыць у аб’яднанні толькі плюсы і спадзяецца на далучэнне новых краінаў постсавецкае прасторы.

Паводле палітолага, Еўразійскі саюз – гэта спроба пабудаваць аўтаномную эканоміку.

“Рэч у тым, што сённяшні ўзровень жыцця магчыма падтрымліваць толькі пры працаўладкаванні каля 300 млн чалавек. Расея мае на сёння толькі 140 млн – гэта значыць, што ў сітуацыі, калі РФ будзе вымушаная разлічваць выключна на сябе, яна зможа падтрымліваць тэхналагічны ўзровень 60–70 гадоў”, – заявіў спадар Коктыш.

На сённяшні дзень ідэя такой структуры больш падобная да PR’у, чым да сур’ёзнай прапановы. Гэта было б вельмі стратна для ўсіх чальцоў Мытнага саюзу. Але ў далейшай перспектыве, беручы пад увагу не лепшы стан сусветнай эканомікі, гэта магчыма.

На думку Кірыла Коктыша, гэта не палітычная, а перадусім эканамічная прапанова. У будучыні гэта магло б пазітыўна паўплываць на беларускі рынак працы. Але калі і якім коштам прыйдуць гэтыя дывідэнды ў Беларусь, прадказваць не бяруцца нават эксперты.

belsat.eu

Стужка навінаў