Балыкін: Найлепшая падтрыманне – неўмяшальніцтва


Малому бізнесу паабяцалі дзяржаўную дапамогу. Як паведаміў кіраўнік ураду Міхаіл Мясніковіч, перавагу будуць аддаваць прадпрыемствам, арыентаваным на імпартазамяшчэнне.

“Урад вызначыў прыярытэтам сваёй палітыкі стымуляванне развіцця вытворчага і інавацыйнага бізнесу, перапрацоўчых прадпрыемстваў, якія працуюць на мясцовым сыравіну, а таксама сферу паслуг. Менавіта гэтым кірункам будзе аказвацца спрыянне ў першачарговым парадку”, – заявіў Міхаіл Мясніковіч на пашыраным паседжанні Прэзідыуму Савету Міністраў з удзелам прадстаўнікоў бізнес-колаў.

Дзеля забеспячэння высокай канкурэнтаздольнасці ў Адзінай эканамічнай прасторы прадпрымальнікам таксама паабяцалі, што падатковае адміністраванне будзе спрашчацца, а падатак на прыбытак зніжацца.

На прызнанне кіраўніка Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргея Балыкіна, гэтыя заявы аптымізму яму не дадаюць, бо, з ягоных словаў, яны гучаць рэгулярна, іх шмат, але канкрэтных вынікаў няма. “Дзяржава дэкларуе, маўляў, калі ласка, развівайцеся. А разам з тым то рэгулюе кошты, то ўводзіць ці адмяняе падаткі, увесь час праводзіць нейкія перарэгістрацыі, уводзіць новыя віды ліцэнзавання і г. д. Пакуль ты развязваеш усе бюракратычныя праблемы, часу, каб зарабляць грошы, не застаецца”, – гаворыць Сяргей Балыкін.

Эканаміст упэўнены, што найлепшым падтрыманнем малому бізнесу стане адсутнасць дзяржаўнага ўмяшальніцтва: “Калі дзяржава пакіне прадпрымальнікаў у спакоі, эфект будзе значна большы, чым ад заяваў і нават рэальных крокаў дзяржаўнага падтрымання”. Разам з тым ён не выключае, што пасля сённяшніх заяваў Міхаіла Мясніковіча дапамога будзе, але атрымае яе бізнес, які нейкім чынам звязаны з чыноўнікамі.

belsat.eu

Стужка навінаў