Віктара Галаванава знялі з пасады міністра юстыцыі


Выконваць абавязкі прызначылі першага намесніка міністра Аляксандра Білейчыка. Адпаведны ўказ 4 кастрычніка падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

З чым звязаныя кадравыя перасоўванні ды ці застанецца Віктар Галаванаў “у абойме”, прэзідэнцкая прэс-служба не паведамляе. “Не ведаю, чым мог не дагадзіць міністр юстыцыі. Якраз такі ён апошнім часам стаяў на варце рэжыму”, – пракаментаваў навіну прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч. Праваабаронца нагадвае, што менавіта пры Віктару Галаванаву дзяржава рукамі Міністэрства юстыцыі фактычна расправілася з незалежнай адвакатураю.

Валянцін Стэфановіч упэўнены, што ад змены міністра юстыцыі прававая сістэма ў Беларусі не зменіцца: “У нас ад асобы нічога не залежыць, Вася там будзе міністрам ці Пеця – розніцы няма. Пры гэтай уладзе ўсё застанецца па-ранейшаму”.

Віктар Галаванаў узначальваў Міністэрства юстыцыі 10 гадоў. Яго шмат разоў вінавацілі ў парушэнні правоў чалавека. За гэта ён трапіў у “чорны спіс” беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўразвязу і ЗША.

Аляксандр Білейчык, які прыйшоў яму на змену, пачынаў свой працоўны шлях токарам магілёўскага заводу “Электрарухавік”. Пасля заканчэння БДУ ды Акадэміі кіравання пры прэзідэнту РБ – заняў пасаду першага намесніка начальніка кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкаму. З 2005 года працуе ў Міністэрстве юстыцыі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары