Былы віцэ-прэзідэнт ЮКОСу Васіль Алексанян памёр 3 кастрычніка ў Маскве ад СНІДу


У 2006 годзе яго разам з іншымі кіраўнікамі кампаніі арыштавалі паводле падазрэння ў крадзяжы маёмасці ў асабліва буйных памерах.

Алексанян правёў 2,5 года за кратамі. У гэты час ягонае здароўе імкліва пагаршалася: бізнесовец захварэў на сухоты і практычна перастаў бачыць. Акрамя гэтага, яго прыкоўвалі кайданкамі да ложка, забаранілі сустрэчы з роднымі і не пускалі адвакатаў.

Міхаіл Хадаркоўскі абвяшчаў галадоўку з патрабаваннем, каб Алексаняна перавялі ў медычную ўстанову. Разам з ім урады шэрагу краінаў назвалі ўтрыманне цяжка хворага чалавека за кратамі бясчалавечным.

На пачатку лютага 2008 года суд прыпыніў працэс у справе Алексаняна і прыняў рашэнне аб ягонай шпіталізацыі ў грамадзянскі стацыянар. Абвінавачаны заявіў у судзе, што акрамя ВІЧ у апошняй стадыі ў яго выявілі анкалагічную хваробу: рак лімфатычнай сістэмы. Суд разглядаў пытанне, ці можа Алексанян удзельнічаць у пасяджэннях у крымінальнай справе, цягам паўтара года. У чэрвені 2010 г., ужо пасля вызвалення пад заклад 50 млн рублёў, бізнесовец з’явіўся ў судзе, дзе разглядалася пытанне аб ягоным вызваленні. На запыт журналістаў, як ён пачуваецца, Алексанян адказаў: “Пакуль жывы”.

У 2008 г. Еўрапейскі суд правоў чалавека часткова задаволіў скаргу Васіля Алексаняна і прызнаў, што ў дачыненні яго дапушчаныя парушэнні некалькіх артыкулаў еўрапейскай Канвенцыі правоў чалавека, а менавіта, артыкулу 3 Канвенцыі, якая гарантуе права не падвяргацца бесчалавечнаму абыходжанню. Акрамя таго, быў парушаны параграф 3 артыкулу 5, які гарантуе права доступу да правасуддзя ў разумныя тэрміны, і артыкулу 8, якая абараняе права на прыватнае і сямейнае жыццё. У рэзалюцыі суда паказваецца таксама, што Алексанян не мусіць даўжэй утрымлівацца ў папярэднім зняволенні. Рашэнне ў гэтай справе прынялі адзінагалосна

Урэшце ў 2010 годзе суд спыніў справу супраць Алексаняна, не прыняўшы канчатковага рашэння.

Паводле праваабаронцы Валерыя Баршчова, гэта было сапраўднае забойства: “Чалавек, што пакутуе на такія хваробы… У СІЗА хвароба прагрэсуе. Ягоная смерць – на руках пракурораў, суддзяў і ўсіх тых, хто вёў гэты працэс”.

belsat.eu

Стужка навінаў