Алесь Міхалевіч у «Гарачым каментары»


У Беларусі дзеюць «эскадроны страху», ахвярамі нападаў сталіся апазіцыйныя актывісты. Усе яны гавораць пра палітычныя матывы справы і пераслед з боку ўладаў. На палітыкаў Валерыя Ухналёва і Вацлава Арэшку быў здзейснены разбойны напад на аўтатрасе. Іх спыніў нібыта супрацоўнік ДАІ, але потым абрабавалі невядомыя ў масках. На лідара АГП, Анатоля Лябедзьку, пасля вяртання з саміту «Усходняга партнёрства» каля пад’езду ягонага дому накінуліся тры чалавекі ў цывільным. Уладзіміру Някляеву вынеслі апошняе папярэджанне за ягоную паездку ў Варшаву.

Алесь Міхалевіч, экс-кандыдат на прэзідэнцтва, нагадвае, што людзі ў цывільным не першы раз затрымліваюць і збіваюць апанентаў улады – тое ж адбывалася на Плошчы і падчас маўклівых акцыяў пратэсту. Паводле палітыка, гэта сведчыць толькі пра тое, што ўлады не зацікаўленыя ў дыялогу, які ім прапаноўваюць і апазіцыя, і Захад.

Алесь Міхалевіч упэўнены, што «эскадроны страху» – гэта толькі адна з захадаў, на якую можа пайсці рэжым. «Я абсалютна ўпэўнены, што яны не спыняцца ні перад чым, каб захаваць уладу. Калі ж яны будуць трымацца гэтак да канца, то вынікі могуць быць вельмі розныя: рашэнне аб расстрэле мірных дэманстрантаў і гэтак далей. Гэты факт і тое, што адбываецца з Саннікавым, Дашкевічам ды іншымі палітвязнямі, паказваюць, што ўладам патрэбны не дыялог, а поўная капітуляцыя апазіцыі. Аднак змены магчымая. Сёння ўладзе патрэбныя грошы. І пакуль іх няма, улады могуць пайсці на нейкія саступкі», – кажа Алесь Міхалевіч.

Калі ж рэжым і пойдзе на саступкі, то шмат чаго чакаць ад іх не даводзіцца. Сёння правядзенне вольных дэмакратычных выбараў значыла б простую перадачу ўлады.

«Улады гэта разумеюць, таму змены магчымыя толькі на касметычным узроўні: вызваленне палітвязняў, магчыма, распаўсюд некаторых незалежных выданняў. Але хачу нагадаць, што для людзей, якія знаходзяцца за кратамі, гэтыя змены вельмі важныя», – падкрэсліў палітык.

belsat.eu

Стужка навінаў