Колькасць хатніх жывёлаў заканадаўча абмяжуюць


Адно з асноўных палажэнняў падрыхтаванага ў Беларусі законапраекту «Аб абыходжанні з жывёламі» – абмежаванне ліку сабак і катоў, якія могуць утрымлівацца ў кватэрах. Пра гэта паведаміў намеснік загадчыка аддзелу забеспячэння дзейнасці сталай камісіі ў праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогіі ды прыродакарыстання Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Міхаіл Мацукевіч на пасяджэнні круглага стала ў Менску.

У адпаведнасці з праектам закону ў кватэры могуць утрымлівацца не больш за дзве жывёлы. Такое ж абмежаванне ўвядуць і для прыватных дамоў.

Паводле Мацукевіча, асаблівая ўвага ў законапраекце надаецца пытанням уліку і рэгістрацыі свойскай жывёлы. Плануецца ўвесці абавязковае іх чыпаванне.

Рэгулююцца таксама пытанні адлову і ўтрымання жывёлы ў пунктах прыёму. Тэрмін утрымання – 14 дзён, адведзеных на пошук гаспадароў. Адлоўленыя жывёлы могуць адразу ж перадавацца на часовае ўтрыманне любому грамадзяніну або грамадскай арганізацыі з умоваю, што калі з’явіцца стары гаспадар, то сабаку або ката належыць яму вярнуць. Гэта дазваляе паменшыць выдаткі мясцовых бюджэтаў на ўтрыманне жывёлы. Калі за два тыдні гаспадар не знаходзіцца, жывёлу ўсыпляюць.

Паводле Міхаіла Мацукевіча, аўтары законапраекту намагаліся ўлічыць інтарэсы ўсіх бакоў – ад арганізацыяў абароны жывёлаў да грамадзянаў, якія жадаюць абараніць сябе ад жывёлаў. У законапраекце прадугледжаныя абмежаванні на знаходжанне з сабакамі на дзіцячых пляцоўках, дваравых тэрыторыях. У дакуменце запісана, што на выгуле сабака мае быць у намордніку і на ланцужку. Акрамя таго, гаспадары жывёлаў павінны прыбіраць за сваім гадаванцам адкіды жыццядзейнасці.

Законапраект цяпер на стадыі ўзгаднення.

belsat.eu

Стужка навінаў