Міхаіл Міхадзюк: АЭС будзе выгадная і бяспечная


Пра гэта намеснік міністра энергетыкі Беларусі заявіў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай правядзенню XVI Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму.

Паводле чыноўніка, будаўніцтва атамнай электрастанцыі дазволіць замясціць прыкладна 5 млрд кубічных метраў імпартнага прыроднага газу, знізіць сабекошт вытворчасці электраэнергіі ды на 7–10 млн тонаў на год паменшыць узровень выкідаў парніковых газаў.

«Што да фінансавання праекту, то ў высокай ступені гатоўнасці знаходзіцца крэдытнае пагадненне аб выдзяленні дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Пасля завяршэння ўнутрыдзяржаўных працэдураў, як у РФ, так і ў РБ, мы ўпэўненыя, што яно будзе падпісанае», – заявіў Міхадзюк.

«Перад выходнымі мы атрымалі заключэнне Незалежнага інстытуту геахіміі ды аховы навакольнага асяроддзя НАН Украіны пра тое, што ў выпадку рэалізацыі праекту з-за праектных аварыяў адмоўнага ўздзеяння на тэрыторыю Літвы не будзе, – адзначыў на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Віталь Кулік. – Мы гэтай інфармацыяй, вядома ж, падзелімся і з нашымі суседзямі, і з сакратарыятам Канвенцыі трансмежнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Гэта яшчэ адзін плюс за тое, каб атамную энергетыку ў краіне развіваць».

Як паведамлялася раней, палітыкі, эколагі ды грамадскія актывісты Беларусі, Літвы і Расеі маюць намер у рамках міжнароднай грамадскай кампаніі «За бяз’ядравы рэгіён!» разам змагацца супраць будаўніцтва трох АЭС у Балтыйскім рэгіёне. Адпаведную дэкларацыю 30 верасня ў Вільні прынялі прадстаўнікі больш як 20 палітычных партыяў і рухаў, экалагічных і рэлігійных арганізацый ды ініцыятыўных групаў, а таксама грамадскія дзеячы трох краінаў.

belsat.eu

Стужка навінаў