У выпадку яшчэ аднаго парушэння парадку адбыцця пакарання іхныя справы накіруюць у суд.
Намесніцу старшыні «Маладога фронту» Насту Палажанку асудзілі паводле «справы 19 снежня» на адзін год пазбаўлення волі ўмоўна. Экс-кандыдата на прэзідэнцтва Уладзіміра Някляева – на два гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на два гады. Выракі абаім агучыла сёлета 20 траўня суддзя Жанна Жукоўская.
Прэтэнзіі да Насты Палажанкі ўзніклі з той прычыны, што яна двойчы за апошнія два месяцы трапляла пад адміністратыўныя арышты: 12 дзён яна атрымала ў жніўні за ўдзел у пікеце ля Горацкай калоніі, дзе адбываў пакаранне ейны жаніх Зміцер Дашкевіч, у верасні актывістку арыштавалі на 11 дзён за тое, што яна нібыта вывешвала на даху бел-чырвона-белы сцяг.
З апошнім прысудам Наста Палажанка катэгарычна не згодная. Як паведаміла «Белсату» актывістка, заўтра на камісіі ў Менскім гарадскім судзе яна абскардзіць гэты вырак. Падчас яе сённяшняга візіту ў Першамайскі РАУС дзяўчыну папярэдзілі, што ў выпадку яшчэ аднаго правапарушэння яе справу перададуць у суд для змянення меры стрымання: «То бок умоўны тэрмін стане рэальным».
З яшчэ аднаго «парушальніка рэжыму», Уладзіміра Някляева, у крымінальна-выканаўчай інспекцыі Ленінскага раёну ўзялі тлумачэнні з нагоды адсутнасці яго ў Менску з 27 да 30 верасня. Як паведаміў палітык, ён напісаў, што віны сваёй не прызнае, прысуд лічыць незаконным, а сябе – вольным чалавекам.
У папярэджанні, што атрымаў ад міліцыянтаў Някляеў, пазначана, што, калі палітык будзе ўхіляцца ад накладзеных на яго судом абавязкаў, інспекцыя выканання пакаранняў можа накіраваць у суд просьбу пра адмену адтэрмінавання пакарання.
belsat.eu