Суд у справе тэрактаў: паказанні пацярпелых


Падчас паседжання ў Вярхоўным Судзе паводле справы Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва зачыталі паказанні 125 пацярпелых у выніку выбуху.

Акрамя таго, суд азнаёміўся з заключэннем судова-медыцынскай экспертызы аб атрыманых імі пашкоджаннях. Самі пацярпелыя на пасяджэнні не прысутнічалі – раней яны напісалі заявы, каб гэтыя матэрыялы разглядаліся ў іхную адсутнасць.

Большасць пацярпелых былі ў зоне паражэння выбуховай прылады – каля другога вагону электравіка, а таксама ў сярэдзіне вагону. Рэшта – пацярпелыя, якія былі каля або на эскалатары, што вядзе да пераходу паміж лініямі метрапалітэну. Гэтыя людзі пераважна пацярпелі ад падзення канструкцыяў эскалатару.

Паводле заключэння судмедэкспертаў, каля 40 чалавек атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні. У прыватнасці, адзін з пацярпелых аслеп на адно вока, яшчэ адзін страціў абедзве нагі, пацярпелая жанчына страціла адну нагу.

Менш цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымалі каля 60 чалавек, пяцёра пазбеглі раненняў, але атрымалі псіхічныя траўмы. У астатніх пацярпелых – лёгкія цялесныя пашкоджанні, «якія прывялі да кароткачасовага расстройства здароўя».

Адзначаецца таксама, што на эскалатары ў момант выбуху была бабуля разам з двухгадовым дзіцем, які цудам не пацярпеў.

Як паведамлялася раней, сёння, у 12-ы дзень слуханняў, у судзе прадэманстравалі запіс агляду пашкоджанага ад выбуху складу электрацягніка. Здымка вялася таксама ў сярэдзіне другога вагону, які быў найбольш пашкоджаны ў выніку выбуху. Вагон быў рэчавым доказам у гэтай справе, цяпер ён стаіць у электрадэпо «Маскоўскае».

Таксама сёння суддзя Аляксандр Федарцоў адхіліў хадайніцтва аб аглядзе пацярпелымі пашкоджанага вагону, якое раней заявіў пацярпелы Самвел Саакян. Такое рашэнне суд прыняў з прычыны таго, што пацярпелыя могуць атрымаць дадатковую псіхалагічную траўму. Як патлумачыў суддзя, хадайніцтва было адхіленае ў мэтах захавання здароўя пацярпелых.

Слуханне завяршылася каля 17:00, у судзе абвешчаны перапынак да 11:00 заўтрашняга дня.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары