“Пінскдрэў” адмаўляецца выплачваць кампенсацыю


Пасля смерці 26-гадовага сына Людміла Рапута неаднаразова звярталася да кіраўніцтва мэблевай фабрыкі з просьбаю выплаціць кампенсацыю, але ўвесь час атрымлівала адмову. “Я не адразу звярнулася з патрабаваннем кампенсацыі, бо, як толькі адбыўся гэты выбух, мы ўсе былі ў разгубленасці і ніхто нам дакладна не растлумачыў, куды мы можам звяртацца і з якімі патрабаваннямі. Ужо пасля мне на прадпрыемстве сказалі, што трэба было прыходзіць адразу, як усім выплачвалі кампенсацыю, а цяпер ужо позна. Таму мне прыйшлося звярнуцца ў суд”. Адміністрацыя адмаўляецца каментаваць сітуацыю, аднак спасылаецца на тое, што кампенсацыю 100 млн руб. ужо выплацілі жонцы загінулага.

Маці Яўгена Рапуты мае праблемы са здароўем, яе муж памёр некалькі гадоў таму. Цяпер яна адна выхоўвае 19-гадовую дачку, якая вучыцца ў менскім каледжы. Маральную кампенсацыю спадарыня Рапута ацаніла на 30 млн руб. “Зыходзячы з сацыяльнага становішча маці загінулага, яна мае права атрымаць маральную кампенсацыю, якая мусіць падмацоўвацца дакументальна. Аргументы прадпрыемства пра тое, што тэрміны выплатаў скончыліся, непераканаўчыя”, – патлумачыла юрыстка Святлана Шлома.

Суд гораду Пінску позву спадарыні Рапуты падтрымаў і забавязаў прадпрыемства выплаціць усю заяўленую суму, аднак кіраўніцтва фабрыкі з рашэннем суда не пагаджаецца і звярнулася з касацыйнаю скаргаю ў Берасцейскі абласны суд.

Нагадаем, амаль год таму падчас выбуху і пажару на «Пінскдрэве» загінулі 14 чалавек. Паводле афіцыйных звестак, прычынаю няшчаснага выпадку было тое, што кіраўніцтва СТАА “Пінскдрэў-ДСП» і ЗАТ «Холдынгавая кампанія “Пінскдрэў”» не надавала належнай увагі супрацьпажарнай бяспецы і стварэнню бяспечных умоваў для працы.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары