МЗС: Памілаванне Вуса не ёсць «выкананнем патрабаванняў»


“Мы займаемся не выкананнем чыіх-небудзь патрабаванняў, а захаваннем уласных законаў”, – заявіў міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў 3 кастрычніка ў парламенце журналістам, каментуючы памілаванне экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Дзмітрыя Вуса.

Мартынаў падкрэсліў, што ў краіне “прымаюцца рашэнні, зыходзячы з яе ўласных патрэбаў”.

Дзмітрый Вус, прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у Менску 19 снежня 2010 г. і асуджаны на пяць з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, быў вызвалены ўвечары 1 кастрычніка на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі аб ягоным памілаванні.

30 верасня на прэс-канферэнцыі па выніках саміту “Усходняга партнёрства” ў Варшаве Дональд Туск (прэм’ер-міністр Польшчы, якая старшынюе ў Еўразвязе) заявіў, што Еўразвяз гатовы даць Беларусі да $ 9 млрд фінансавай дапамогі пры наступных умовах: вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў, дыялог з апазіцыяй і правядзенне свабодных выбараў.

Раней пры канцы жніўня міністр замежных справаў Балгарыі Мікалай Младэнаў сустракаўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле вынікаў сустрэчы прэзідэнт Беларусі нібыта паабяцаў вызваліць да пачатку кастрычніка ўсіх палітвязняў і правесці круглы стол з апазіцыяй дзеля абмеркавання будучыні краіны, на які будзе запрошаная “група мудрацоў” для назірання і спрыяння перамовам.

belsat.eu

Стужка навінаў