Белавежская пушча можа зноў атрымаць дыплом Рады Еўропы


Эксперты Еўразвязу, якія працавалі ў Белавежскай пушчы напрыканцы верасня, прыйшлі да высновы, што ў Нацыянальным парку за апошнія чатыры гады адбыліся значныя перамены, а таму шанец вярнуць дыплом Рады Еўропы – досыць вялікі. “Важна, што цяпер праца ў парку арыентаваная на абарону прыроднага багацця, тады як у мінулыя гады кіраўніцтва больш цікавіў эканамічны складнік развіцця пушчы”, – заявіў эксперт Экгарт Кёйкен.

Нацыянальны парк “Белавежская пушча” быў узнагароджаны еўрапейскім дыпломам якасці яшчэ ў 1997 г., але праз дзесяць гадоў дзеянне дыплому прыпынілі праз экалагічныя праблемы. Прэтэнзіі найперш датычыліся незаконнага спілоўвання старажытных дрэваў і экспарту матэрыялаў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, курыраваў нелегальны бізнес былы дырэктар Нацыянальнага парку Мікалай Бамбіза, які на запрашэнне віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса на пачатку года перайшоў працаваць старшынёю сельскагаспадарчага прадпрыемства ў Тураве.

Перамены ў Белавежскай пушчы звязваюць з кіраваннем новага дырэктара Аляксандра Бурага – дагэтуль ён быў намеснікам Бамбізы ў ідэалогіі. “Новы кіраўнік робіць акцэнт на захаванне прыроднага багацця пушчы. Зразумела, што прыбыткі пушчы ад лесанарыхтоўчай дзейнасці заўважна зменшацца, але паводле стратэгіі кіраўніцтва запоўніць іх плануецца коштам развіцця турыстычнага сектару ў Нацыянальным парку”, – паведаміў намеснік дырэктара парку Васіль Арнольбік.

Эколаг Вольга Астаповіч звяртае ўвагу на тое, што дагэтуль інфармацыя пра эканамічную і навуковую дзейнасць у пушчы для экспертаў застаецца закрытаю. “На жаль, пра многія парушэнні мы даведваемся ўжо постфактум, а таму паўплываць на кіраўніцтва Нацыянальнага парку ніяк не можам. Да таго ж, незаконнае спілоўванне дрэваў доўгі час падтрымлівалася чыноўнікамі на самым высокім узроўні. Вядома, што беларуская палітычная эліта любіць адпачываць у пушчы – і для гэтага ў парку ствараліся ўсе ўмовы”.

Канчатковага рашэння наконт таго, ці адновіцца для Белавежскай пушчы дзеянне дыплому Рады Еўропы, трэба чакаць у лютым наступнага года. Пакуль эксперты працягнуць назіраць за зменамі ў Нацыянальным парку.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары