Аўтааматары плануюць заблакаваць цэнтральныя вуліцы


Беларускія кіроўцы маюць намер правесці чарговую акцыю пратэсту супраць падаражання паліва. Пра гэта са спасылкаю на прыхільнікаў ініцыятывы “Стоп бензін” паведамляюць у руху “За аўта”.

Акцыя адбудзецца пад лозунгам “Стоп бензін. Мы не дойныя каровы!”, пачатак – 3 кастрычніка а 19-й гадзіне. Аўтааматары, як і раней, плануюць выязджаць на галоўныя вуліцы гарадоў і блакаваць рух праз зніжэнне хуткаснага рэжыму да 20 кіламетраў на гадзіну, а таксама шляхам стварэння “ненаўмысных паломак” сваіх аўтамабіляў.

Калі галоўныя вуліцы будуць перакрытыя працаўнікамі Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі, плануецца ажыццяўляць “блакаванне” прылеглых вуліцаў – і гэтак паралізаваць з дапамогаю ДАІ ўвесь горад, а не толькі адну галоўную вуліцу.

“Са свайго боку мы ні якой акцыі не плануем і не планавалі. Мы дапрацоўваем свае прапановы ў Савет Міністраў для супольнай канструктыўнай карэляцыі праблемнай сітуацыі на паліўна-энергетычным рынку краіны ва ўмовах катастрафічнага зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва”, – пракаментаваў сітуацыю Арцём Шаркоў, дырэктар установы “За аўта”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары