Зацягнем паясы... чарговы раз


Новае павышэнне цэнаў у першы ж дзень месяца.

1 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень людзей сталага веку. Акурат па іх найбольш моцна ўдарыць гэтае падаражанне. Непрыемным падарункам сталася павялічэнне коштаў на ўсе жыллёва-камунальных паслугі.

З надыходам новага месяца электрычнасць падаражэла на 15 %, тэхнічнае абслугоўванне дому – на 3 %, ацяпленне і падагрэў вады – на 3,2 %.

У выніку даводзіцца ашчаджаць нават на ежы. З кожным паходам у краму пенсіянерку Таісію Лемеш сустракаюць новыя кошты.

«Прыходзіцца абмяжоўваць сябе ў мясе, агародніне, фруктах. Але ж хлеб і малако ўсё роўна трэба набываць. Для мяне справа святая: я заўсёды, як толькі атрымліваю «жыроўку», адразу разлічваюся. Вядома, гэта ўсё сыдзе з бюджэту. Значыць, трэба неяк зменшыць выдаткі», – кажа Таісія Лемеш.

Павышэнне тарыфаў ЖКГ улады традыцыйна тлумачаць запланаваным павелічэннем долі насельніцтва ў аплаце паслугаў (дагэтуль беларусы плацілі толькі 30 % ад належнага). Гэтыя захады застаюцца адною з галоўных умоваў атрымання чарговай траншы крэдыту ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.

Паводле незалежных экспертаў, гэта чарговае і яшчэ далёка не апошняе наступства дэвальвацыі. Інфляцыя ўжо дасягнула 70 %. Як далёка зойдзе крызіс – не бярэцца прагназаваць нават Белстат.

belsat.eu

Стужка навінаў