Аўтамабілісты: Давядзецца “выкручвацца”


Рост коштаў на паліва ўсё мацней б’е па кішэні аўтамабілістаў. Пры гэтым яны асцерагаюцца, што восьмае з ліку падвышэнне коштаў на бензін і дызельнае паліва – не апошняе сёлета.

Журналісты тэлеканалу “Белсат” распыталі менскіх аўтамабілістаў пра тое, як яны ставяцца да чарговага падвышэння коштаў. “Заробак не падымаецца, а кошты на паліва – падвышаюцца. Мы з вёскі ездзім на працу і атрымліваецца, што нявыгадна працаваць. Заробак давядзецца аддаваць на паліва”, – гаворыць адзін з рэспандэнтаў.

Цяпер 1 літр бензіну АІ-92 каштуе Br 4820 (раней – Br 4590), АІ-95 – Br 5200 (было – Br 4950), дызельнае паліва – Br 5100 (Br 4860), Н-80 – Br 4600 (Br 4380). Гэта ўжо восьмае падаражанне з пачатку года. Кошты падвышаліся ў сярэднім: 14 кастрычніка – на 3 %, 3 сакавіка – на 5 %, 31 сакавіка – на 10 %, 24 траўня – на 20 %, 7 чэрвеня – на 30 % і па 3 % – 21 ліпеня і 20 жніўня.

Некаторыя аўтамабілісты кажуць, што рост коштаў прымушае іх радзей карыстацца аўтам, бо кожная доўгая паездка – гэта і сур’ёзныя выдаткі. “Калі чалавек працуе на машыне, то гэта для яго вельмі важна, а калі выкарыстоўвае аўта толькі для сямейных патрэбаў, то ён можа ўстрымацца ад гэтага”, – гаворыць адзін з апытаных. Адна ж з аўтамабілістак падкрэсліла, што ў ейным выпадку зэканоміць на паездках не ўдасца, бо гэта частка ейнай працы. “Неяк буду выкручвацца”, – дадала яна.

belsat.eu

Стужка навінаў