З Някляева возьмуць тлумачэнні


У панядзелак, 3 кастрычніка, палітык мусіць з’явіцца ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Ленінскага раёну. Як распавёў Уладзімір Някляеў, кожны панядзелак ён абавязаны адзначацца ў гэтай установе. Але, як ён мяркуе, гэтым разам яму давядзецца даваць тлумачэнні з нагоды сваёй паездкі ў Варшаву на саміт “Усходняга партнёрства”.

“Пакуль мяне не было, кожны дзень прыходзілі да жонкі Вольгі, прымушалі яе пісаць тлумачальныя. Таксама распытвалі і суседзяў”, – паведаміў Уладзімір Някляеў “Белсату”. Ён гаворыць, што рэакцыя з боку праваахоўных органаў была чаканая, але прагназаваць, якія будуць наступствы, не бярэцца: “Якія тут могуць быць прагнозы? Зразумела, што вырашаць будзе не інспекцыя, рашэнне будзе прымацца значна вышэй. А там усё залежыць і ад псіхічнага здароўя, і ад настрою, і ад таго, якое надвор’е будзе ў панядзелак”.

Экс-кандыдата на прэзідэнцтва Уладзіміра Някляева асудзілі сёлета 20 траўня на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на 2 гады. Палітыку выстаўлены шэраг умовах. У прыватнасці, яму трэба ўзгадняць з міліцыяй свае перасоўванні па Беларусі, а выезд за мяжу палітыку ўвогуле забаронены да канца тэрміну пакарання. Нягледзячы на гэта, Някляеў выехаў у Польшчу, каб прыняць удзел у саміце.

belsat.eu

Стужка навінаў