На Лябедзьку напалі, каб выпусціць праз некалькі гадзінаў


Сёння раніцаю, прыкладна а 10:30, некалькі невядомых у цывільным напалі на лідара АГП. Пра гэта паведамляе прэсавая служба партыі.

Інцыдэнт адбыўся ў двары ягонага дому (вул. Л. Украінкі, 4, корп. 1). Анатолю заламалі рукі і спрабавалі ўвапхнуць у машыну. За лідара АГП заступіліся жонка Святлана і суседзі, якія сваймі аўтамабілямі заблакавалі выезд са двара.

Сведкі выклікалі міліцыю і паспрабавалі адбіць лідара АГП у невядомых. Працаўнікі міліцыі, якія прыехалі на выклік, удакладнілі асобы нападнікаў. Тыя аказаліся таксама прадстаўнікамі сілавых структураў. На гэтым сутыкненне скончылася і палітыка павезлі ў Цэнтральнае РУУС Менску.

«Уражанне такое, што Варшаўскі саміт для мяне працягваецца, – апавядае Анатоль Лябедзька на інтэрнэт-старонцы АГП. – Калі невядомыя людзі ў цывільным, не назваўшыся, з ужываннем фізічнай сілы ірвуць на табе адзенне і збіваюць, то гэта – твар нашай сённяшняй сітуацыі. Гэта «фрагмент» “Усходняга партнёрства”. Вядома, з такімі звычкамі краіна не можа прэтэндаваць на ўваходжанне ні ў адну цывілізаваную арганізацыю. Мяне прывезлі ў РАУС. Прынеслі форму пратаколу допыту. Ніхто не называецца, ходзяць у цывільным. Потым сказалі: «Не, гэта будзе не допыт, а тлумачэнне ў сувязі з тым, як вы перасякае мяжу». Я адмовіўся катэгарычна: “Ні слова, ні паўслова, ні каментароў, ні тлумачэнняў даваць не буду ў сувязі з грубым парушэннем маіх канстытуцыйных правоў сілавымі структурамі КДБ і МУС. Адныя скралі мой пашпарт, другія ў парушэнне закону адмаўляюцца выдаваць новы пашпарт, а трэція, выкарыстоўваючы саму сітуацыю, арганізоўваюць бандыцкія напады. Усё, кропка». І замоўк. Потым яны хадзілі, раіліся. Сказалі, што выклічуць мяне яшчэ позвай асобна, і на гэтым усё скончылася.

Мне парвалі куртку, парвалі штаны, на правай назе – штук пяць гематомаў. Калі павалілі на зямлю, яшчэ і ўдарылі нагою па руцэ. А ва ўсім астатнім жыццё цудоўнае!» – не губляе аптымізму лідар АГП.

Палітыка затрымліваюць не першы раз, але, паводле ягоных словаў, упершыню за яго заступіліся суседзі ды мінакі: “Нешта ў грамадстве адбылося. Мяне ж не першы раз забіраюць. І нават у снежні, калі ноччу выбівалі 40 хвілінаў дзверы, дом спаў, стаіўшыся. А тут – перакрылі сваёй машынай выезд гэтым бандюганам, спрабавалі мяне адбіць”, – прыемна здзіўлены спадар Лябедзька.

Лідар АГП успрыняў сваё затрыманне як высокую ацэнку ўладаў для сваёй дзейнасці: “Я і так ведаў, што паездка эфектыўная, добрая. Нягледзячы на мой крыху пакарабачаны і абарваны выгляд, я пачуваюся пераможцам у гэтай сітуацыі”, – заявіў Лябедзька.

“Анатоль Лябедзька са сваёй жонкаю ехаў з аэрапорту. У двары ягонага дому яго ўжо чакалі. Калі Анатоль з жонкаю выйшлі з аўтамабіля, да іх падышлі людзі ў цывільным. Не рэпрэзентуючыся, яны запрасілі прайсці з імі, пасля гэтага сталі сілаю валачы яго ў машыну”, – паведаміла прэс-сакратар АГП Ганна Красуліна.

“Пасля прыехалі міліцыянты з Цэнтральнага РУУС, прадставіліся, сказалі, што трэба праверыць, па якім пашпарце Лябедзька ездзіць за мяжу. Цяпер, верагодна, Лябедзька ўжо ў РУУС”, – сказала спадарыня Красуліна.

Нагадаем, што спадар Лябедзька, разам з прадстаўнікамі найбуйнейшых апазіцыйных партыяў Беларусі, браў удзел у саміце “Усходняга партнёрства” ў Варшаве.

Анатоль Лябедзька быў фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 г. Пасьля арышту ў ноч з 19 на 20 снежня яго ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, адкуль выпусцілі 7 красавіка пад падпіску аб нявыездзе. 23 жніўня крымінальная справа ў дачыненні лідара АГП была спыненая, аднак пашпарт з КДБ яму дагэтуль не вярнулі. Палітык паведаміў, што ў яго застаўся стары пашпарт, якім ён можа карыстацца, бо ў дакуменце засталіся дзейныя візы. Менавіта па гэтых візах ён і змог здзейсніць візіты ў Польшчу і ЗША.

belsat.eu

Стужка навінаў