Штогадовыя расстрэлы


Такая практыка назіраецца цягам апошніх гадоў. Беларусь застаецца адзінаю краінаю ў Еўропе, дзе смяротнае пакаранне не толькі не асуджаюць, але і выконваюць.

Гады 2009, 2010, 2011 – па два расстрэлы. Чарговыя два чалавекі, якім пагражае смяротны прысуд, цяпер на лаве падсудных. Але гэта толькі афіцыйная інфармацыя.

“Вельмі складана сказаць, колькі было вынесена смяротных прысудаў і колькі было выканана, бо гэтая інфармацыя дастаткова схаваная. Да таго ж яны выконваюць прысуды менавіта тады, калі з’яўляецца скарга асуджаных у Камітэт правоў чалавека ААН. Міжнародныя нормы абавязваюць спыніць выкананне прысуду, судовая ж сістэма гэта ігнаруе”, – заявіла праваабаронца Наста Лойка.

Паводле спадарыні Лойкі, выканаўчая машына смяротных прысудаў наўмысна хавае інфармацыю не толькі ад журналістаў і праваабаронцаў, але і ад сваякоў пакараных. Родныя расстраляных не толькі не ведаюць даты выканання прысуду, але нават не могуць пахаваць сваіх блізкіх, бо целы забітых не выдаюцца.

Галоўны аргумент супраць смяротнага пакарання – яго незваротнасць: ніколі няма гарантыі, што вынесены прысуд – не памылка. Беларусь таксама мае сумны досвед.

“Была справа Міхасевіча – віцебскага маньяка. Аднаго чалавека расстралялі, адзін аслеп у турме, чакаючы смяротнага прысуду, і пятнаццаць былі асуджаныя на розныя тэрміны – пакуль знайшлі сапраўднага злачынцу. Апошняя справа гарадзенскіх злачынцаў, Грышкаўцова і Бурдыкі, – адзінае, што мы толькі выпадкова здолелі даведацца: іх расстралялі ў прамежку з 11 да 19 ліпеня 2011 г.”, – кажа журналіст і праваабаронца Сяргей Сыс.

Праваабаронцы спрабуюць змяніць грамадскую думку праз інфармацыйную працу, але, паводле сацыялагічных доследаў, большасць беларусаў надалей падтрымлівае смяротнае пакаранне. Аднак заканадаўства прадугледжвае магчымасць адмяніць расстрэлы і без шырокага грамадскага падтрымання.

Першы крок – маратор, а потым – поўнае скасаванне смяротнага пакарання. Але пакуль такой палітычнай волі няма, дзяржава працягвае практычна ўпотай расстрэльваць людзей.

belsat.eu

Стужка навінаў