Паліва ўсё ж падаражэла


З 1 кастрычніка кошты на бензін павялічыліся ў сярэднім на 5%.

На бензастанцыях спасылаюцца на адпаведную пастанову канцэрну «Белнафтахім».

Цяпер 1 літр бензіну АІ-92 каштуе 4820 (раней – 4590) руб., АІ-95 – 5200 (4950), дызельнае паліва – 5100 (4860), Н-80 – 4600 (4380).

Гэта ўжо восьмае падаражэнне з пачатку года. Кошты падвышаліся ў сярэднім: 14 кастрычніка – на 3 %, 3 сакавіка – на 5 %, 31 сакавіка – на 10 %, 24 траўня – на 20 %, 7 чэрвеня – на 30 % і па 3 % – 21 ліпеня і 20 жніўня.

Што праўда, 9 чэрвеня кошты былі зніжаныя ў сярэднім на 17 % – на загад Аляксандра Лукашэнкі. Гэта адбылося пасля масавай акцыі пратэсту менскіх аўтамабілістаў “Стоп бензін”, падчас якой на паўтары гадзіны быў заблакаваны праспект Незалежнасці.

Ці адрэагуюць на чарговае падаражанне паліва аўтааматары, пакуль не вядома. “Калі рэакцыя і будзе, то, мажліва, у панядзелак, бо ў выходныя народ звычайна з гораду раз’язджаецца”, – паведаміў “Белсату” кіраўнік аб’яднання “За аўта” Арцём Шаркоў.

Як зазначыў кіраўнік аўтамабільнага руху, застаецца незразумелым, з чым звязана чарговае падвышэнне коштаў. Са словаў Арцёма Шаркова, курс долара на іх не ўплывае, бо “Белнафтахім” як прадпрыемства, што ўтварае бюджэт, набывае валюту паводле курсу Нацбанку. Ён не выключае, што кошты падвышаюць, каб зраўняць іх з расейскімі.

Аб’яднанне “За аўта” неаднаразова звярталася да чыноўнікаў з прапановаю правесці круглы стол у пытаннях фармавання коштаў на паліва. Аднак, паводле Арцёма Шаркова, манапаліст “Белнафтахім” да іх заклікаў застаецца глухі. “Прадстаўнікі Саўміну толькі дэманструюць гатоўнасць ісці на кантакт, але пакуль усё на ўзроўні перамоваў”, – гаворыць Арцём Шаркоў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары