Уладзімір Роўда: згубіўшы падтрыманне Расеі, Лукашэнка не набудзе яго на Захадзе


Палітолаг тлумачыць, з якіх прычынаў упаў рэйтынг дзейнага прэзідэнта.

Апошнія сацыялагічныя апытанні Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў сведчаць пра тое, што найбольш распазнавальным з прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва ў беларусаў надалей застаецца Аляксандр Лукашэнка (72,3%). 32,4% ведаюць аб прэтэндаванні Уладзіміра Някляева, 13,6% – Андрэя Саннікава і 6,2% – Яраслава Раманчука.

Паводле звестак НІСЭПД, за Лукашэнку гатовыя прагаласаваць 48,2% тых, хто пойдзе на выбары. 16,8% – рэйтынг Някляева, 8,6% – Саннікава і 6,1% – Раманчука.

Палітолаг Уладзімір Роўда мяркуе, што найбольш негатыўна на падтрыманне насельніцтвам дзейнага прэзідэнта паўплывала пагаршэнне стасункаў з Расеяй. Знайсці ж узамен хаўруснікаў на Захадзе яму наўрад ці ўдасца, мяркуе эксперт.

Паводле Уладзіміра Роўды, не выключана сітуацыя, калі выбары не прызнаюць ні Расея, ні Захад. А гэта значыць, што з’явіцца патрэба ў масавых акцыях пратэсту за прызнанне выбараў нелегітымнымі.

На ягоную думку, выйсці на вуліцы гатовыя каля 600 тыс. чалавек, чаго цалкам дастаткова. Пры гэтым мабілізацыйны патэнцыял залежыць не ад апазіцыі, а ад няправільных дзеянняў улады: “Падчас кампаніі 2006 г. людзі выйшлі на плошчу не за Мілінкевіча ці Казуліна, а супраць той нахабнасці ды прапаганды, якая ўсім надакучыла”. А улада ўжо дала зразумець, што выбары не будуць дэмакратычныя, зазначае эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў