І мяса, і песні


https://youtu.be/__amqods8Bs
Гэтае спалучэнне дазволіла ўдзельнікам “Дажынак-2011” у Маладзечне забыцца на некалькі дзён пра крызіс і атрымліваць асалоду ад свята.

Галоўнымі падзеямі першага дня сталі ўрачыстае шэсце “Шлях да хлеба” і цырымонія ўзнагароджвання “лідараў жніва”. Праўда, наведнікі стаялі ў чарзе не па хлеб, а па мяса. Жанчына, якая стаіць у чарзе па мяса, трапна заўважае: “Арганізатары – малайцы: і мяса прадаюць, і тут жа песні. Стаім па прадукцыю Барысаўскага мясакамбінату, у нас яе неяк мала прадаюць. Каўбасу яшчэ можна купіць, а вось сырое мяса…”

Адзін з герояў жніва – камбайнер Аляксандр Бадак – падзяліўся: “Крызіс часова (усміхнуўшыся, удакладніў: “гэта значыць, гэтымі днямі”) не адчуваем, а там будзе відаць”.

Ягоны калега Мікалай Гаўрыльчык перакананы, што, вядома, трэба ўшаноўваць найлепшых механізатараў – “людзей, якія начамі не спяць”, па 14 гадзінаў працуюць.

Героі жніва паскардзіліся, што з году на год з большага тыя ж самыя людзі атрымліваюць узнагароды “Дажынак”. Аднак застаецца прамень надзеі: “Ёсць маладыя, якія ўпершыню працавалі на жніве, а сёння аўтамабілі будуць атрымліваць. Ёсць цэлыя моладзевыя экіпажы. Карацей, нам, старым, ужо ёсць каму даверыць сваю працу”, – супакоіў спадар Гаўрыльчык.

Фестываль будзе доўжыцца да 2 кастрычніка.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары