Юрась Губарэвіч у «Гарачым каментары»


Еўразвяз заклікаў Менск вызваліць палітвязняў і распачаць дыялог з апазіцыяй. Адпаведную дэкларацыю прынялі дэлегаты саміту “Усходняга партнёрства” ў Варшаве. 27 галасоў “за” – з аб’яднанай Еўропы, і пяць, з постсавецкіх краінаў, – “супраць”.

Пасля дэмаршу міністра замежных справаў Беларусі ад удзелу ў саміце “Усходняга партнёрства” ў Варшаве адмовіўся і амбасадар Віктар Гайсёнак. Афіцыйныя прадстаўнікі іншых пяці краінаў-удзельніц праграмы не падпісаліся пад тэкстам дэкларацыі, датычнай прававой і палітычнай сітуацыі ў Беларусі. А падпісання еўрапалітыкамі чакае прапанаваны Беларусі “мадэрнізацыйны пакет” дапамогі – 9 млрд долараў.

Паводле намесніка старшыні руху “За свабоду”, ад такой прапановы Менск можа адмовіцца толькі праз характар беларускага рэжыму: “Ён не хоча змяняцца, аднак сёння не тая сітуацыя, што была яшчэ некалькі гадоў таму: ёсць унутраныя праблемы, перад якімі рэжым бездапаможны. Ён вымушаны іх вырашаць, і ад прапановы Еўразвязу нельга адмаўляцца”, – кажа спадар Губарэвіч.

Нягледзячы на гэта, запрошаны на саміт “Усходняга партнёрства” міністр замежных справаў Сяргей Мартынаў на сустрэчу не з’явіўся, а беларуская дэлегацыя байкатавала другі дзень перамоваў.

Паводле Юрася Губарэвіча, гэта спроба паказаць сваю незалежную пазіцыю.

“Аднак трэба глядзець не толькі на вонкавы эфект, але і на ўнутраныя крокі. Пачаўся працэс вызвалення палітвязняў – і ён будзе працягвацца, бо ў Лукашэнкі няма іншага выйсця”, – упэўнены палітык.

belsat.eu
https://youtu.be/QYnnJV64Oew

Глядзі таксама
Каментары