Андрусь Цянюта выйшаў на волю


Каб актывіста не змаглі сустрэць паплечнікі ды сябры, міліцыянты вывезлі хлопца з ізалятару часовага ўтрымання раней.

“Меліся адпусціць а 16-й гадзіне, але ўжо апоўдні мяне вывезлі з ізалятару ў Чыгуначнае раённае ўпраўленне ўнутраных справаў, і трымалі там чатыры гадзіны ў так званым “стакане”, – распавёў “Белсату” актывіст. Паводле яго, свае дзеянні міліцыянты патлумачылі тым, што паступіў загад ад вялікага начальніка, каб ніякіх “урачыстых сустрэчаў” каля ізалятару не было.

Актывіст таксама паведаміў, што ўсе дзесяць дзён зняволення трымаў галадоўку пратэсту, як і зняволеныя Кастусь Жукоўскі ды Зміцер Шаўчэнка. “Дарэчы, са Змітром Шаўчэнкам я некалькі разоў меў магчымасць паразмаўляць, бо мая камера была на другім паверсе і акно выходзіла на двор для шпацыраў”, – распавёў Андрусь Цянюта.

Хлопец гаворыць, што стаўленне да яго з боку адміністрацыі ды працаўнікоў ізалятару было нармальнае. Аднак ён мае прэтэнзіі да тых спецназаўцаў, што яго затрымлівалі, ды не згодны з рашэннем суда. На пачатку наступнага тыдня Андрусь Цянюта збіраецца забраць копію судовай пастановы, каб абскардзіць прысуд.

Актывіст “Маладога фронту” Андрусь Цянюта быў затрыманы 20 верасня за распаўсюд інфармацыйных улётак Народнага сходу. Яго абвінавацілі ў парушэнні парадку правядзення масавых акцыяў ды асудзілі на 10 дзён адміністратыўнага арышту.

belsat.eu

Стужка навінаў