Лукашэнка краіну не аддасць, нават калі гэта будзе каштаваць яму жыцця


Пра гэта ён заявіў сёння ў Маладзечна, на святкаванні “Дажынак” паведамляе прэсавая служба кіраўніка краіны.

“Мы занадта шмат увагі надаем гэтым еўразвязаўскім “вячоркам”. Гэта нават не думкі кіраўнікоў дзяржаваў. Нейкі цяпне ў Бруселі чыноўнік, якога ніхто не ведаў, і мы пачынаем трымцець. Няхай плявузгае. Мы вельмі шмат – і асабліва нашыя журналісты… Напэўна, беларусы такія – мы абавязкова мусім адмахнуцца, адказаць. Не трэба на іх глядзець і рэагаваць. У нас сваё жыццё, яны хай дадуць рады сваім праблемам – там іх не менш”, – заявіў Лукашэнка.

“Калі яны хочуць націснуць на Беларусь, кінуць у наш агарод камень – гэта толькі каб адцягнуць насельніцтва ад уласных праблемаў”, – растлумачыў насельніцтву кіраўнік краіны.

Згадаў Лукашэнка і прадстаўнікоў апазіцыі: “Краіны яны не атрымаюць, чаго б мне гэта ні каштавала, нават калі гэта будзе каштаваць маёй крыві, смерці. Гэта нічога не значыць у параўнанні з тым, што я мушу зберагчы і перадаць іншым людзям нармальную краіну”.

belsat.eu

Стужка навінаў