Лівія: набліжаецца апошні бой


У Лівіі паўстанцы працягваюць аблогу Сырту – роднага гораду Муамара Кадафі.

Паводле заявы новага кіраўніцтва краіны, “на заходнім фронце” мінулы дзень прайшоў без пераменаў, сутычак не было, наступ вядзецца пераважна з усходу краіны. Сілы паўстанцаў прасунуліся на 10 км і здолелі захапіць вялікую колькасць зброі ды боепрыпасаў, прызначаных для лаяльных Кадафі сілаў. Паўстанцы прызнаюць, што ім усё яшчэ не ўдаецца ўзяць пад кантроль горад.

Тысячы мірных жыхароў пакінулі прыбярэжны горад, насельніцтва якога складала каля 100 000 чалавек. Паводле ўцекачоў, у Сырце пачаліся праблемы з харчаваннем і вадою, а таксама няма газу і электрычнасці.

Са словаў аднаго з ваенных камандзіраў, паўстанцам давялося сутыкнуцца з моцным супрацівам, таму яны “не сталі накіроўваць туды пяхоты, абмежаваўшыся цяжкою артылерыяй”. За апошнія некалькі дзён сілы Пераходнай нацыянальнай рады (ПНР) страцілі каля 30 байцоў. “Фінальная бітва адбудзецца днямі”, – упэўненыя паўстанцы.

Па-ранейшаму невядома, дзе цяпер палкоўнік Кадафі. Як заявіў з трыбуны Генеральнай асамблеі ў Нью-Ёрку выканаўца абавязкаў кіраўніка ўраду ў ПНР Махмуд Джэбрыль, “Кадафі стварае рэальную тэрарыстычную пагрозу не толькі для Лівіі, але і для ўсяго рэгіёну і свету, бо ў яго па-ранейшаму ёсць велізарныя фінансавыя сродкі”. Тым часам у мінулы панядзелак у алжырскіх медыях з’явілася інфармацыя, што восем чальцоў сям’і Кадафі – хто менавіта, не ўдакладняюць – яшчэ пры канцы мінулага тыдня накіраваліся ў Егіпет. У Каіры гэтую інфармацыю катэгарычна абверглі.

На палітычным фронце Лівіі працягваецца барацьба за ўладу, таму прызначанае на канец тыдня абвяшчэнне ўрадавага складу зацягваецца. Новы кабінет меў стаць важным этапам пераходнага перыяду ў краіне, які мусіць завяршыцца абвяшчэннем дня выбараў і распрацаваннем праекту новай канстытуцыі краіны.

belsat.eu

Стужка навінаў