Умоўнае пакаранне стане рэальным?


Гэта цалкам імаверны варыянт развіцця падзеяў для былога кандыдата на прэзідэнта Уладзіміра Някляева.

Палітык, разам з дэлегацыяй прадстаўнікоў найбуйнейшых апазіцыйных партыяў, бярэ ўдзел у саміце “Усходняга партнёрства”. Тым часам ягоная жонка Вольга атрымала позву на імя мужа з патрабаваннем наведаць Ленінскае раённае ўпраўленне ўнутраных справаў сталіцы.

“У нас ва ўмовах напісана, што з восьмай гадзіны вечара Уладзімір Пракопавіч мусіць быць дома. Я чакала нейкай рэакцыі, але тое, што прынясуць адразу позву, – гэта было нечакана”, – кажа жонка экс-кандыдата.

Нагадаем, паводле апошняга рашэння суда Уладзіміру Някляеву забаронена пакідаць межы гораду без адмысловага дазволу і заставацца па-за месцам прапіскі пасля 20 гадзінаў.

Паводле праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча, з юрыдычнага гледзішча для Някляева цалкам магчымае змяненне захады абмежавання свабоды – на турэмны рэжым.

Аднак улады мусяць прыняць да ўвагі сённяшняе рашэнне саміту “Усходняга партнёрства” – пра магчымую буйную фінансавую дапамогу для Беларусі. Адною з умоваў яе ёсць поўная амністыя і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў. У гэтай сітуацыі новы палітычны вязень быў бы вельмі недарэчы для Менску.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў Уладзіміра Някляева асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем прысуду. 9 верасня суд Ленінскага раёну наклаў на палітыка дадатковыя абмежаванні.

belsat.eu

Стужка навінаў