Віцэ-прэм’ер Брытаніі параўнаў Лукашэнку з сярэднявечным тыранам


Паводле віцэ-прэм’ера Вялікай Брытаніі Ніка Клэга, характар рэпрэсіяў у Беларусі супраць палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі нагадваюць рэжым у Паўночнай Карэі, а сам кіраўнік краіны – «сярэднявечнага тырана».

«Я лічу, што ўсе на гэтым саміце моцна занепакоеныя з таго, што адбываецца ў Беларусі. Гэта апошняя дыктатура ў Еўропе. Я кажу пра тыя рэчы, пра якія мы чуем, сустракаючыся з дысідэнтамі ды актывістамі беларускай апазіцыі, напрыклад, жорсткае абыходжанне, пазбаўленне волі актывістаў апазіцыі, самыя жудасныя парушэнні правоў чалавека, якія можна чакаць ад Паўночнай Карэі», – падкрэсліў Нік Клэг.

Сёння афіцыйны Менск заявіў, што адмаўляецца ад удзелу ў саміце «Усходняга партнёрства». «Напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства» яго арганізатары пайшлі на беспрэцэдэнтныя дыскрымінацыйныя крокі ў дачыненні Беларусі. Яны адмовіліся накіраваць запрашэнне Кіраўніку беларускай дзяржавы. Услед за гэтым прызначаны Рэспублікаю Беларусь кіраўнік яе дэлегацыі быў абмежаваны ва ўдзеле ў мерапрыемствах саміту», – гаворыцца ў заяве беларускага МЗС. Фактычна, беларускі бок на саміце рэпрэзентуюць цяпер толькі прадстаўнікі апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці.

Учора адбыліся нефармальныя сустрэчы беларускіх апазіцыянераў з еўрапейскімі лідарамі, прысвечаныя сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. «Усе на гэтым саміце ясна разумеюць, што стан рэчаў мусіць змяніцца, што прэзідэнт Лукашэнка не можа паводзіцца так, быццам ён сярэднявечны тыран», – падкрэсліў брытанскі віцэ-прэм’ер Нік Клэг.

belsat.eu

Стужка навінаў