Афіцыйны Менск адмовіўся ад удзелу ў саміце «Усходняга партнёрства»


Беларускае Міністэрства замежных справаў распаўсюдзіла заяву пра адмову афіцыйнага Менску браць удзел у саміце «Усходняга партнёрства», што распачаўся ў Варшаве. «Напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства» яго арганізатары пайшлі на беспрэцэдэнтныя дыскрымінацыйныя крокі ў дачыненні Беларусі. Яны адмовіліся накіраваць запрашэнне Кіраўніку беларускай дзяржавы. Услед за гэтым прызначаны Рэспублікаю Беларусь кіраўнік яе дэлегацыі быў абмежаваны ва ўдзеле ў мерапрыемствах саміту», – гаворыцца ў заяве беларускага МЗС.

Беларускае знешнепалітычнае ведамства называе гэтыя дзеянні парушэннем прынцыпаў «Усходняга партнёрства», што былі ўзгодненыя ў Празе ў 2009 г. «Сваімі дзеяннямі арганізатары саміту наносяць шкоду дзеяздольнасці гэтай рэгіянальнай ініцыятывы і нясуць за гэта адказнасць. Рашэнні саміту, якія закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь і прынятыя без наўпроставай згоды нашай краіны, будуць не легітымныя», – заяўляе афіцыйны Менск.

Чатыры краіны, якія ўваходзяць у праграму «Усходняга партнёрства», прадстаўленыя на саміце на ўзроўні прэзідэнтаў: Арменія, Азербайджан, Грузія і Украіна. Малдову ў Варшаве рэпрэзентуе прэм’ер-міністр краіны Уладзімір Філат. Ад Беларусі на саміт запрасілі міністра замежных справаў Сяргея Мартынава, аднак 28 верасня МЗС нашай краіны паведаміла, што дэлегацыю на саміце ўзначаліць амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак.

У дзень адкрыцця саміту з вуснаў высокіх еўрапейскіх чыноўнікаў прагучала крытыка на адрас афіцынйага Менску. Гэтак міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі рэзка выказаўся на адрас Лукашэнкі, пазней у падобным ключы выказаліся найвышэйшыя чыноўнікі Еўразвязу. «Мы падтрымліваем беларускую апазіцыю, каб мець дэмакратычную альтэрнатыву», – заявіў прэзідэнт Рады Еўразвязу Гэрман ван Ромпёй на сустрэчы з дэлегацыяй беларускай апазіцыі ды сваякамі палітзняволеных.

belsat.eu

Стужка навінаў