«Усходняе партнёрства»: у чаканні «перніка»


«І беларуская грамадзянская супольнасць, і афіцыйныя беларускія ўлады чакаюць, што падчас гэтага саміту Польшча і Еўразвяз запрапануюць штосьці новае і сур’ёзнае для Беларусі, у тым ліку ў межах «Усходняга партнёрства». Тое, што далей афіцыйны Менск можа разглядаць як «пернік» для сябе», – заявіў аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў.

Аднак у дзень адкрыцця саміту «пернікавых прапановаў» Менск не дачакаўся. Наадварот – спачатку міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі рэзка выказаўся на адрас Лукашэнкі, пазней у падобным ключы выказаліся найвышэйшыя чыноўнікі Еўразвязу. «Мы падтрымліваем беларускую апазіцыю, каб мець дэмакратычную альтэрнатыву», – заявіў прэзідэнт Рады Еўразвязу Гэрман ван Ромпёй на сустрэчы з дэлегацыяй беларускай апазіцыі ды сваякамі палітзняволеных. У сваю чаргу канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель выказала занепакоенасць у звязку з сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Паводле Дзяніса Мельянцова, малаімаверна, што падчас саміту прагучаць важныя прапановы для афіцыйнага Менску. «Цяпер шмат праблемаў у самым Еўрапейскім Звязе: трэба вырашаць праблемы з Грэцыяй, праблемы з еўрамі, шмат увагі патрабуюць краіны Блізкага Усходу. Таму «Усходняе партнёрства» трохі адыходзіць на другі план», – падкрэсліў эксперт.

«Сітуацыя для беларускіх уладаў складаная – і з эканамічнага і з палітычнага гледзішча. «Усходняе партнёрства» застаецца, мабыць, нават адзінаю магчымасцю інстытуцыйнай супрацы, – гаворыць Дзяніс Мельянцоў. – Беларусь пасля выбараў не была выключаная з «Усходняга партнёрства», было падкрэслена некалькі разоў, што Беларусь, нягледзячы на тое, што застаецца аўтарытарнаю краінаю, мае поўнае сяброўства ва «Усходнім партнёрстве». І гэта пэўны іміджавы плюс для беларускіх уладаў». Паводле эксперта, у іх усё ж застаюцца спадзяванні, што ў межах «Усходняга партнёрства» будзе магчымасць атрымаць грошы на пэўныя праекты, а таксама атрымаць эканамічную дапамогу. «Я сумняюся, што беларускі бок цяпер «тупне нагою». Напоўніцу ўдзельнічаць у мерапрыемствах «Усходняга партнёрства» цяпер ён не будзе, але гэтая магчымасць застаецца на наступны перыяд, калі надыдзе чарговая лібералізацыя», – дадаў аналітык.

belsat.eu

Стужка навінаў