Аляксей Дзікавіцкі ў «Гарачым каментары»


Парушэнне правоў чалавека, адсутнасць свабодных выбараў, практыка палітычных прысудаў і палітзняволеныя – усё гэта пра Беларусь, у адным з параграфаў праекту дэкларацыі варшаўскага саміту праграмы “Усходняе партнёрства”.

Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі з нямецкім калегам Гіда Вэстэрвэле летась перадалі Аляксандру Лукашэнку прапанову: правесці справядлівыя выбары і наладжваць супрацу з Еўразвязам. Тады Беларусь зможа атрымаць эканамічную дапамогу. “Прэзідэнт Беларусі не стрымаў слова і сфальсіфікаваў выбары”, – заявіў сёння кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Польшчы і назваў партнёрамі беларускую дэмакратычную апазіцыю.

Як вынік, на саміце “Усходняга партнёрства” беларускае прадстаўніцтва атрымалася надзвычай шырокім: гэта лідары найбуйнейшых беларускіх палітычных партыяў, а таксама сваякі палітвязняў.

Паводле кіраўніка інфармацыйных праграмаў “Белсату” Аляксея Дзікавіцкага, у адрозненне ад дэлегацыяў іншых краінаў, у беларускай дэлегацыі найбольшая ўвага надаецца неафіцыйнаму яе прадстаўніцтву. “Ува “Усходняе партнёрства” ўваходзяць шэсць краінаў, сярод якіх толькі Беларусь не прэзентаваная на найвышэйшым узроўні. У пэўным сэнсе міністра замежных справаў Мартынава, які нягледзячы на запрашэнне не прыехаў, прэзентуюць апазіцыйныя палітыкі: Някляеў, Лябедзька, Калякін ды іншыя”, – кажа спадар Дзікавіцкі.

Хутчэй за ўсё, запрашэнне лідараў апазіцыі і стала тою прычынаю, з якой Мартынаў адмовіўся ўдзельнічаць у саміце. “Беларускай дэлегацыі давялося б выслухаць шэраг непрыемных заўвагаў адносна невыканання элементарных стандартаў у галіне правоў чалавека”, – упэўнены Дзікавіцкі.

Еўрапейскія палітыкі чарговы раз нагадалі, што ад Беларусі патрабуюць толькі захавання прынцыповых правоў сваіх грамадзянаў. Толькі тады Менск можа разлічваць на дапамогу.

Аднак рэшта краінаў “Усходняга партнёрства” пратэстуе супраць крытыкі Менску. Прадстаўнікі Еўразвязу прапанавалі дадаць у дэкларацыю параграф, які асуджае сітуацыю з правамі чалавека і наяўнасць палітвязняў у Беларусі. Аднак прадстаўнікі краінаў “Усходняга партнёрства” выступілі супраць, пасля чаго параграф прыбралі з праекту, але пасля шэрагу кансультацыяў усё ж вярнулі.

belsat.eu

Стужка навінаў