У Менску забаранілі пікет для абароны правоў грамадзянаў


Між тым прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры ўсё адно збіраюцца 3 кастрычніка а 13-й гадзіне выйсці на плошчу Свабоды.

Як распавяла “Белсату” прадстаўніца ініцыятывы Тамара Сяргей, адказ на іхны зварот падпісаў намеснік старшыні Менскага гарвыканкаму Ігар Карпенка: “Ён абмежаваўся вытрымкаю з закону “Аб масавых мерапрыемствах” – пра тое, што пікеты забароненыя паблізу дзяржаўных установаў, падземных пераходаў і метрапалітэну, але не пазначыў, ці падпадае пад гэты рэгламент абранае намі месца. Мы, напрыклад, мяркуем, што перашкаджаць мінакам не будзем, а ў пераходзе метро стаяць не збіраемся”.

Выйсці на плошчу Свабоды жанчыны плануюць з лозунгамі “Ашуканцаў народу – да адказнасці!”, “Адміністрацыя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – надзейная абарона беззаконня ў краіне” і “Патрабуем ад чыноўнікаў выканання Канстытуцыі ды законаў краіны”. Пікетаванне – адзіная магчымасць для іх дамагчыся перагляду справаў, паводле якіх былі асуджаныя іхныя сваякі або пацярпелі яны самі. Як нагадвае Тамара Сяргей, кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзімір Макей паабяцаў ім яшчэ летась у снежні, што паўстане незалежная камісія, якая будзе разглядаць праблемы з адказамі на скаргі грамадзянаў з судоў і пракуратуры. Аднак пра вынікі працы гэтай камісіі дагэтуль нічога не вядома.

belsat.eu

Стужка навінаў