Ежы Бузэк: Пасля 19 снежня верыць уладам Беларусі – неразумна


Адначасова старшыня Еўрапарламенту выказаў надзею на хуткі ўдзел Беларусі ў “Еўранэсце”.

“Мы ніколі не пакінем надзеі, што ў Беларусі адбудуцца станоўчыя змены, – сказаў ён. – Мы мусім захоўваць аптымізм і марыць пра лепшае. У Польшчы мы таксама доўга чакалі пераменаў, і нашыя мары зрабіліся рэальнасцю. Сёння вы таксама пакуль толькі марыце, але праз некалькі гадоў вашыя мары здзейсняцца”.

Бузэк падкрэсліў, што Еўразвяз нягледзячы ні на што разлічвае на перамены ў Беларусі. “Мы спадзяемся, але пры гэтым мусім быць вельмі асцярожныя”, – адзначыў ён.

Разам з гэтым старшыня Еўрапарламенту спадзяецца, што пасля наступных парламенцкіх выбараў Беларусь зможа ўдзельнічаць у працы “Еўранесту” – Парламенцкай асамблеі “Усходняга партнёрства”.

Бузэк нагадаў, што два тыдні таму ў Еўрапарламенце прайшла першая сесія “Еўранэсту”. “Нашыя камітэты і дакладчыкі распачалі працу, рыхтуюць даклады ў пытаннях энергетычнай бяспекі, правах чалавека, дэмакратыі ды іншых аспектах”, – распавёў Бузэк.

Ён са шкадаваннем адзначыў, што пакуль у “Еўранэсце” не могуць вітаць Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, бо яна нелегітымная праз недэмакратычныя выбары.

“Мы не можам гэтага прыняць, але дзесяць месцаў у “Еўранэсце” чакаюць, і мы спадзяемся, што будуць прадэманстраваныя легітымныя вынікі на наступных парламенцкіх выбарах, што дазволіць Палаце прадстаўнікоў далучыцца да нас і распачаць працу ў “Еўранэсце”, – падкрэсліў Бузэк.

belsat.eu

Стужка навінаў