Палітвязняў перавыхоўваюць холадам?


Адміністрацыя Івацэвіцкай калоніі адмаўляецца выдаваць Эдуарду Лобаву цёплую бялізну, якую вязень здаў на захоўванне на пачатку лета.

Гэта матывуюць тым, што на зімовую форму калонія пяройдзе толькі 15 кастрычніка. “Робіцца зусім холадна, мы тут на волі ўжо ў куртках, а сын у танюткай робе, пад якою адна майка. А ў іх шыхтаванне а шостай раніцы, калі тэмпература на дварэ ледзь перавышае +10”, – непакоіцца за здароўе сына Марына Лобава.

Жанчына гаворыць, што не мае магчымасці адправіць штосьці з цёплага адзення сыну нават поштаю – зняволеным дазволена атрымаць толькі тры пасылкі ды дзве бандэролі на год. Зразумела, што найперш сваякі імкнуцца дасылаць ежу, вітаміны і лекі. “Кормяць іх зусім дрэнна, толькі груца або авёс. Нягледзячы на крызіс грашовых нормаў на харчаванне не пераглядалі. А тут праз адваката Эдуард перадаў, што замест трыццаці кілаграмаў харчоў яму можна перадаць толькі пяць”, – распавядае Марына Лобава. Яна не выключае, што пакаранне звязанае з тым, што Эдуард Лобаў выйшаў за тэрыторыю атраду.

Спадарыня Лобава таксама распавяла, што ў аўторак 27 верасня ейнага сына наведаў адвакат. Дзякуючы гэтаму яна змагла атрымаць звесткі пра сына. За ўвесь час утрымання ў калоніі Эдуард Лобаў патэлефанаваў маці ўсяго двойчы, і абодва разы размовы былі вельмі кароткія.

“Чаму не дазваляюць тэлефанаваць? Магчыма, падабаецца ім хоць гэтак псаваць жыццё палітвязням ды іхным сваякам. Іншага тлумачэння я не маю. Тым больш, што, напрыклад, крымінальнікам дазваляюць тэлефанаваць ледзь не два разы на тыдзень”, – зазначае жанчына.

Актывіст “Маладога фронту” Эдуард Лобаў быў прэвентыўна затрыманы летась 18 снежня. Яго разам са Змітром Дашкевічам абвінавацілі ў збіванні выпадковых мінакоў і асудзілі на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Палітвязень адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі “Ваўчыныя норы”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары