Маладафронтаўцам параілі звяртацца ў Чэхію


Сябры міжнароднага руху беларускай моладзі “Малады фронт” спрабавалі сёння перадаць у Адміністрацыю прэзідэнта заяву з патрабаваннем вызваліць палітвязняў.

Зварот быў адрасаваны “грамадзяніну Аляксандру Лукашэнку”, аднак кіраўнік прыёмнай адміністрацыі Ігар Ламаносаў адмовіўся яго прыняць. Але з дакументам усё ж такі пазнаёміўся. “Адмова была матываваная тым, што зварот пададзены ад імя юрыдычнай асобы, якая не мае рэгістрацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, – паведаміла “Белсату” прэс-сакратарка “Маладога фронту” Таццяна Шапуцька. Яна гаворыць, што чыноўнік параіў звяртацца да кіраўніка той краіны, дзе моладзевы рух мае легальны статус.

Аднак маладафронтаўцы не трацяць надзеі атрымаць адказ ад “грамадзяніна Аляксандра Лукашэнкі” ў вызначаны законам 15-дзённы тэрмін – зварот быў накіраваны яму поштаю ад імя намесніка старшыні “Маладога фронту” Мікалая Дземідзенкі як прыватнай асобы. “Паведамляем вам, што органамі вашай карнай сістэмы ажыццяўляецца беспрэцэдэнтны ціск на нашага сябра Дашкевіча Змітра Вячаслававіча. Ведаючы вашую ролю ў тым, што шмат якія палітычна актыўныя грамадзяне апынуліся за кратамі, мы інфармуем вас, што тыя бесчалавечныя ўмовы, якія вы адмыслова ствараеце для вашых апанентаў, не тое што не адпавядаюць сучасным сусветным стандартам – яны дадаюць негатыўны рэйтынг нашай краіне”, – напісана ў звароце.

“Малады фронт” таксама патрабуе неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў Змітра Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Мікалая Статкевіча, Змітра Бандарэнкі, Андрэя Саннікава, Дзмітрыя Вуса, Паўла Севярынца, Яўгена Васьковіча, Мікалая Аўтуховіча і Алеся Бяляцкага. Да звароту далучаныя фота турмаў краінаў, “дзе паважаюць правы грамадзянаў і не здзекуюцца з іх”.

belsat.eu

Стужка навінаў