Жарсці вакол параграфу наконт Беларусі


Краіны “Усходняга партнёрства” пратэстуюць супраць крытыкі Менску. Іх разыходжанні з пазіцыяй Еўразвязу выявіліся, калі абмяркоўваўся праект выніковай дэкларацыі варшаўскага саміту “Усходняга партнёрства”, якую плануецца прыняць заўтра, 30 верасня.

Паводле крыніцы ў еўрапейскіх дыпламатычных колах, прадстаўнікі Еўразвязу прапанавалі дадаць у дэкларацыю параграф, які крытыкуе сітуацыю з правамі чалавека і наяўнасць палітзняволеных у Беларусі. Аднак прадстаўнікі краінаў “Усходняга партнёрства” выступілі супраць, пасля чаго параграф прыбралі з праекту, але пасля шэрагу кансультацыяў вярнулі.

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які цяпер у Варшаве, мяркуе, што Еўразвяз недаацаніў дыпламатычныя здольнасці афіцыйнага Менску. Паводле яго, беларуская дыпламатыя бездапаможная ў Еўропе, але не ў краінах СНД: “Беларусь паспяхова адпрацавала і стварыла фронт супраць прымання гэтага параграфу ў дэкларацыі. Але цяпер у нас ёсць інфармацыя пра тое, што гэты параграф вярнулі ў яго першапачатковым выглядзе – гэта значыць, там крытыкуецца сітуацыя з правамі чалавека, адсутнасць свабодных выбараў і наяўнасць палітзняволеных у Беларусі”, – паведаміў лідар АГП са спасылкаю на ўласныя крыніцы.

Паводле Лябедзькі, найбольш пратэставалі супраць гэтага параграфу Грузія і Украіна.

Па некаторых звестках, Еўразвяз заняў “даволі жорсткую” пазіцыю і намякнуў краінам – удзельніцам Усходняга партнёрства: калі яны хочуць большага збліжэння з ЕЗ, дык павінны паважаць еўрапейскія каштоўнасці, сярод якіх правы чалавека з’яўляюцца адной з галоўных. Напружаныя кансультацыі наконт параграфа працягваюцца.

belsat.eu

Стужка навінаў