Аляксандр Лукашэнка пашкадаваў Менгарвыканкам


“Было жаданне ўвечары на ключ замкнуць, а раніцаю ўсіх выставіць на вуліцу і набіраць новы склад гарвыканкаму”, – прызнаўся кіраўнік дзяржавы на нарадзе ў справе рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у сталіцы, крытыкуючы Менскі гарвыканкам за цяганіну.

Звяртаючыся да старшыні Менскага гарвыканкаму Мікалая Ладуцькі, Лукашэнка загадаў: “Разбярыцеся са сваімі памочнікамі, намеснікамі. Што за абыякавае стаўленне да людзей?! З экрану вы кажаце адно, а вашыя намеснікі, начальнікі, чыноўнікі, што там працуюць, а іх не адна сотня, робяць усё наадварот! Не дай Бог вы мне не дасце справаздачы ў гэтых праектах і будзеце распавядаць, што вы невінаватыя – наракайце тады на сябе. Будзе тады новы кіраўнік гарвыканкаму”.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго расчаравалі ўсе: і старшыня Адміністрацыі прэзідэнта, і міністр унутраных справаў, і адказныя за горад, а таксама ўрад. Паводле прэзідэнта, яны “на ўсё заплюшчылі вочы”.

Менавіта яны, паводле Лукашэнкі, вінаватыя ў тым, што рэалізацыя найбольш важных інвестыцыйных праектаў не адпавядае тэрмінам, а якасць пакідае жадаць лепшага.

“Замежнікі прывезлі грошы, будуюць, а яны іх паўгода трымаюць у прыёмным пакоі. Абяцаюць – не робяць. Гэта што – вы такім чынам намякаеце і выкручваеце людзям рукі, каб яны вам хабар далі?” – запытаўся кіраўнік дзяржавы ў Ладуцькі.

“Масква дае 40 % расейскага бюджэту, мільярды долараў. Вось што такое сталіца для краіны! А ў нас узгадненні, дазволы нейкія і здзекі. Цяганіна, зацягванне часу. Дык цяпер трэба інвестара абдымаць, цалаваць, вадзіць за руку па Менску, каб ён працаваў. Ён жа валюту вязе сюды!” – тлумачыў Лукашэнка прысутным.

belsat.eu

Стужка навінаў