Савіных раскрытыкаваў «Усходняе партнёрства» за «палітызацыю»


Палітызацыя «Усходняга партнёрства», адыход ад заяўленых раней прынцыпаў нанясуць шкоду гэтай ініцыятыве, заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных на брыфінгу 29 верасня.

«Мы вельмі пазітыўна і ў канструктыўным ключы ўспрымалі ідэю стварэння гэтага партнёрства, – падкрэсліў прэс-сакратар МЗС. – Нам імпанавалі прынцыпы, на якіх планавалася ствараць партнёрства: прынцыпы ўзаемнай зацікаўленасці, узаемнага дыялогу, раўнапраўнага ўключэння ўсіх удзельнікаў праграмнай дзейнасці. Мы з вялікаю цікавасцю звярталі ўвагу на перспектывы пан’еўрапейскай або субрэгіянальнай супрацы ў сферы кіравання гандлёвымі плынямі, межамі, энергетычнай супрацы, масе іншых пытанняў».

«Тым не менш, сёння мы бачым, што адбываецца палітызацыя, адыход ад заяўленых раней прынцыпаў, прасоўваюцца неабгрунтаваныя патрабаванні і ставіцца пад сумнеў універсальнасць рэалізацыі гэтай праграмы, – адзначыў Савіных. – Мы перакананыя, што гэтыя тэндэнцыі нанясуць шкоду партнёрству як сур’ёзнай субрэгіянальнай ініцыятыве».

Прадстаўнік МЗС пракаментаваў сітуацыю з няўдзелам у саміце міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава (нягледзячы на тое, што яго афіцыйна запрасілі на саміт, беларускі бок накіраваў туды амбасадара нашай краіны ў Польшчы Віктара Гайсёнка): «Рэспубліка Беларусь мае суверэннае права самастойна вызначаць фармат удзелу ў любых мерапрыемствах».

Савіных заявіў, што беларускі бок пакідае за сабою права наогул адмовіцца ад удзелу ў саміце, калі статус і фармат удзелу Гайсёнка як кіраўніка беларускай дэлегацыі будуць нейкім чынам абмежаваныя.

Адносна патрабаванняў Еўразвязу вызваліць палітвязняў Савіных адзначыў: «Пазіцыя ЕЗ нам добра вядомая, мы яе прынялі да ведама. Гэтая сітуацыя знаходзіцца ў прававым полі і будзе вырашацца ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам».

belsat.eu

Стужка навінаў