Ахова Лукашэнкі баіцца доўгіх аб’ектываў?


Фотажурналісты і аператары не змогуць трапіць у «сэрца» «Дажынак» без адмысловай акрэдытацыі – паведамляе прэсавая служба Беларускай асацыяцыі журналістаў. Паводле правілаў Менаблвыканкаму, у «рэжымную зону» забаронена праходзіць з фота- і відэаапаратураю з аб’ектывам, большым за 4 см.

Правілы, згодна з якімі грамадзянам строга забараняецца без «адмысловага дазволу» праносіць фотаапараты і відэакамеры з вялікімі аб’ектывамі ў агароджаную на час правядзення фестывалю зону Маладзечна, з’явіліся ў «Жывым дзённіку» Менскага ГУУС 28 верасня. Навіна выклікала занепакоенасць некаторых фатографаў.

Прэс-служба БАЖ звярнулася па тлумачэнні ў аддзел унутраных справаў (АУС) Менскага аблвыканкаму. «Гэта было патрабаванне службы бяспекі прэзідэнта, – патлумачыў прэс-сакратар Аляксандр Данільчанка. – Увогуле, у час, калі на «Дажынках» будзе прысутнічаць прэзідэнт, здымкі змогуць рабіць толькі акрэдытаваныя пры яго адміністрацыі журналісты. Калі ж прэзідэнт з’едзе, рэжым здымак зменіцца, але акрэдытавацца журналістам усё ж прыйдзецца».

Аляксандр Данільчанка параіў журналістам, якія збіраюцца працаваць у агароджанай частцы Маладзечна (па сутнасці ў цэнтры свята), звярнуцца па акрэдытацыю ў Менскі аблвыканкам. У іншым выпадку, паводле прэс-сакратара АУС, журналістаў «выставяць за межы рэжымнай зоны» або запатрабуюць схаваць апаратуру.

Міжтым, як патлумачыла БАЖ супрацоўніца Менаблвыканкаму Ірына Канавалава, акрэдытацыя журналістаў на «Дажынкі» скончылася яшчэ 20 верасня. «Спазніліся вашы журналісты, так ім і перадайце», – пракаментавала сітуацыю жанчына.

belsat.eu

Стужка навінаў