Радослаў Сікорскі: Лукашэнка можа абраць шлях Ярузэльскага


«Маё пасланне да прэзідэнта Лукашэнкі наступнае: вашыя адносіны з Еўропаю будуць такія самыя, як вашыя адносіны з гэтымі людзьмі. Пакуль людзі ў Беларусі будуць падвяргацца рэпрэсіям, паглыбленыя адносіны з Еўразвязам, а тым больш эканамічная дапамога, не будуць магчымыя», – заявіў міністр замежных справаў Радослаў Сікорскі падчас прыёму, прысвечанаму адкрыццю саміту «Усходняга партнёрства».

Паводле Радослава Сікорскага, Захад не мае намеру «гандляваць палітвязнямі» з Аляксандрам Лукашэнкам. «Тое, чаго мы чакаем, – гэта толькі захоўванне нармальных еўрапейскіх стандартаў у шанаванні сваіх грамадзянаў, у тым ліку апазіцыі», – падкрэсліў Радослаў Сікорскі.

«Перад прэзідэнтам Лукашэнкам стаіць выбар – ці пайсці дарогаю дэмакратызацыі і скончыць так, як генерал Ярузэльскі, які жыве ў сваёй краіне і цешыцца свабодаю, а пазаўчора ў шпіталі яго наведаў Лех Валэнса. Або пайсці дарогаю тых дыктатараў, што страчваюць сваю ўладу ў розных краінах цягам апошніх месяцаў», – дадаў кіраўнік польскага МЗС.

belsat.eu

Стужка навінаў