Святаслаў Барановіч: Ніякіх масавых беспарадкаў не было


Апошні абвінавачаны паводле «справы 19 снежня» заяўляе, што ніякіх арганізаваных масавых беспарадкаў на плошчы Незалежнасці не было, і што ён не баіцца трапіць за краты.

«Я лічу, што калі ў чалавека ёсць свае погляды на жыццё і прынцыпы, то ён мусіць іх прытрымлівацца. Бо інакш навошта мы жывем? – гаворыць Святаслаў Барановіч. – Я маю права прагаласаваць за аднаго або за другога, або за трэцяга кандыдата. Гэта маё права. І падтрымаць на плошчу я прыйшоў не таму, што хацеў нешта нарабіць, а таму, што хацеў падтрымаць хоць маральна».

Пацярпелыя спецназаўцы ў судзе заявілі, што Барановіча не пазнаюць і прэтэнзіяў да яго не маюць. Сам абвінавачаны не прызнаў удзелу ў масавых беспарадках, хаця прызнаў, што біў па міліцэйскіх шчытах. «Я прыйшоў туды з мірнаю мэтаю. Тое, што мяне справакавалі, – гэта застаецца фактам», – заявіў абвінавачаны ў інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат». Наступнае судовае паседжанне мае адбыцца 12 кастрычніка.

belsat.eu

Стужка навінаў