Варшава: стартуе саміт «Усходняга партнёрства»


Сёння ў Варшаве на чале з прэзідэнтам Рады Еўразвязу Гэрманам Ван Ромпёем адкрываецца саміт «Усходняга партнёрства». Удзельнікамі саміту будуць старшыня Еўракамісіі Жузэ Мануэл Барозу, вярхоўны прадстаўнік ЕЗ Кэтрын Эштан, еўракамісар у пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі суседства Штэфан Фюле, старшыня Еўрапарламенту Ежы Бузэк, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск ды іншыя высокія прадстаўнікі краінаў Еўразвязу.

Як вынікае з паведамлення, распаўсюджанага напярэдадні афіцыйным Бруселем, на саміце плануецца абмеркаваць прагрэс, дасягнуты за апошнія гады ў рамках «Усходняга партнёрства». Саміт таксама мае прыняць рашэнне «ў дачыненні наступных крокаў дзеля гарантавання працягу працэсу паглыблення палітычнай асацыяцыі ды эканамічнай інтэграцыі з ЕЗ». Асноўнымі тэмамі двухдзённай сустрэчы будуць прагрэс у сферы зоны свабоднага гандлю ды паглыбленне эканамічнай супрацы, у прыватнасці, у сферы транспарту, энергетыкі і сельскай гаспадаркі. На саміце таксама адбудзецца абмеркаванне еўрапейскіх памкненняў і еўрапейскага выбару краінаў – удзельніц «Усходняга партнёрства».

Чатыры краіны, якія ўваходзяць у гэтую праграму ЕЗ, будуць прадстаўленыя на саміце на ўзроўні прэзідэнтаў: Арменія, Азербайджан, Грузія і Украіна. Малдову ў Варшаве рэпрэзентуе прэм’ер-міністр краіны Уладзімір Філат.

Ад Беларусі на саміт запрасілі міністра замежных справаў Сяргея Мартынава, аднак 28 верасня МЗС нашай краіны паведаміла, што дэлегацыю на саміце ўзначаліць амбасадар у Польшчы Віктар Гайсёнак. Запланаваны яго выступ на пленарным паседжанні саміту з ацэнкаю вынікаў і перспектываў супрацы ў рамках «Усходняга партнёрства».

Увечары ў сераду прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных таксама заявіў: беларускі бок пакідае за сабою права наогул адмовіцца ад удзелу ў саміце «Усходняга партнёрства» ў Варшаве, калі статус і фармат удзелу амбасадара Беларусі ў Польшчы Віктара Гайсёнка як кіраўніка беларускай дэлегацыі будуць якім-небудзь чынам абмежаваныя».

«Мы звярнулі ўвагу на публікацыю Польскага прэсавага агенцтва са спасылкаю на словы прэс-сакратара МЗС Польшчы пра намер вызначыць форму ўдзелу беларускай дэлегацыі ў саміце «Усходняга партнёрства», – заявіў Савіных у інтэрв’ю дзяржаўнаму агенцтву «БелТА». – У сувязі з гэтым лічым неабходным заявіць, што любая дзяржава – удзельнік партнёрства валодае суверэнным правам самастойна вызначаць узровень і персанальны склад удзелу на мерапрыемствах «Усходняга партнёрства».

Чакаецца, што ўдзельнікі саміту абмяркуюць сітуацыю ў Беларусі. Як заявіла 27 верасня на сустрэчы з групаю журналістаў у Бруселі МАя КацыЯнчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ у пытанні замежных справаў і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан, пасланне, якое прадстаўнікі ЕЗ перададуць на саміце прадстаўнікам Беларусі, можа складацца з двух частак.

«З аднаго боку, гэта будзе ясны заклік у адпаведнасці з тым, што мы заяўлялі раней. З іншага боку, мы скажам: вось дзе мы можам працаваць з вамі, калі вы вырашыце паважаць прынцыпы ЕЗ і асноўныя правілы, якія тычацца нашай супрацы», – заявіла Мая Кацыянчыч.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары