Андрэй Бандарэнка: Пракуратура ператварылася ў карны орган


«Да таго часу, пакуль пракурор па наглядзе будзе выпіваць з начальнікам калоніі ды вырашаць усе пытанне адпіскамі, маўляў, правяранне праведзенае і факты не пацвердзіліся, ніякага парадку на «зонах» не будзе», – заявіў праваабаронца Андрэй Бандарэнка, каментуючы «Белсату» акалічнасці этапавання і ўтрымання палітвязняў у калоніях ды СІЗА.

«І пракурор, і начальнік калоніі мусяць ведаць, што яны нясуць крымінальную адказнасць за парушэнні заканадаўства. Тое, што цяпер адбываецца з Саннікавым, – гэта бязглуздзіца, – гаворыць Андрэй Бандарэнка. – Чаму чалавек утрымліваецца ў СІЗА? Гэта следчы ізалятар. Яму выставілі новыя абвінавачванні? Не. Што ён там робіць?»

21 верасня жонка Андрэя Саннікава Ірына Халіп атрымала тэлеграму ад начальніка наваполацкай калоніі, дзе адбываў пакаранне ейны муж. У тэлеграме паведамлялася, што Саннікава 20 верасня этапавалі ў бабруйскую папраўчую калонію № 2. 23 верасня Ірына Халіп наведала Дэпартамент выканання пакаранняў, дзе ёй заявілі: Саннікаў «у дарозе» і павінен быць дастаўлены ў бабруйскую калонію 24 верасня. На сённяшні момант вядома, што Саннікаў утрымліваецца ў следчым ізалятары ў Магілёве. Колькі ён там прабудзе, не паведамляецца.

Андрэй Бандарэнка, прадстаўнік грамадскага аб’яднання «Платформа», які сам правёў за кратамі амаль два гады нібыта за махлярства, аднак быў вызвалены з фармулёўкаю «праз адсутнасць складу злачынства», падкрэслівае, што цяпер палітыкі прыкладаюць недастаткова намаганняў, каб змусіць улады вызваліць палітвязняў. «Ідуць агульныя размовы ў агульным плане. Маўляў, так, у нас ёсць палітвязні і трэба ім неяк дапамагаць. Пытанне павінна ставіцца дакладна і канкрэтна: людзі павінны быць вызваленыя і гэта павінна быць першым і асноўным пытаннем, ніякіх іншых пытанняў – дыялогу з уладамі або яго адсутнасці, эканамічнай супрацы – быць не павінна. Асноўная задача для ўсіх палітыкаў – гэта вызваленне Саннікава, Статкевіча і ўсіх палітвязняў», – заявіў Бандарэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў