БАТЭ – «Барселона» 0:5


Барысаўскі БАТЭ з лікам 0:5 саступіў у двубоі групавога турніру Лігі чэмпіёнаў «Барселоне». «Гэта вельмі каштоўны ўрок для нас. Гэта і валоданне мячом, і пераходы з нападзення ў абарону, і прэсінг, і індывідуальныя дзеянні… Калі б у нас у сезоне быў хоць дзясятак такіх гульняў, то сёння нам было б прасцей супрацьстаяць. А так «Барселона» ўключыла такую хуткасць, што мы не здолелі, не змаглі з гэтым справіцца», – заявіў на пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер беларускай каманды Віктар Ганчарэнка.
«Пасля першых двух прапушчаных галоў у нас пачала кульгаць арганізацыя гульні. Для таго, каб прэсінгаваць «Барселону», патрэбныя арганізаваныя калектыўныя дзеянні. Калі ж прэсінг пачынаюць рабіць адзін-два гульцы, то гэта толькі вымотвае каманду, – падкрэсліў Віктар Ганчарэнка. – Планавалі гуляць больш актыўна, але імя суперніка ціснула на нас. Спрабавалі гуляць ад абароны і шукаць шанцу ў контратаках. Але, на жаль, з-за няўдалага падбору мяча, неактыўнага прэсінгу, дрэннага размяшчэння гульцоў у сітуацыях, калі перахаплялі мяч, на нейкія эфектыўныя контратакі складана было разлічваць».

Тым часам галоўны трэнер «Барселоны» заявіў, што гульня з БАТЭ не была для «Барсы» простаю. «Вы бачылі, якісьці час мы не маглі забіць. Нам давялося прыстойна вымотваць і сябе, і праціўніка, перш як мы змаглі паразіць браму. Толькі тады гульня пайшла ў патрэбнае нам рэчышча, і мы змаглі дамагчыся пяці галоў. Але гэтая гульня не была для нас лёгкім шпацырам», – заявіў галоўны трэнер «Барселоны» Жузэп Гўард’ёла.

Характарызуючы Льёнэля Мэсі, які забіў беларусам два галы, настаўнік іспанцаў падкрэсліў: «Мэсі займае пазіцыю лідара ў сусветным футболе і ўвасабляе ў сабе максімальныя магчымасці гульца. Гэты футбаліст – з’ява. Мы маем сёння гэтую яркую зорку, якая спалучае моцны характар і высакароднасць, што выяўляецца ў гульні. Спадзяюся, у яго яшчэ ўсё наперадзе».

belsat.eu

Стужка навінаў