Алег Волчак у «Гарачым каментары»


Заўтра, 29 верасня, у Варшаве распачнецца саміт «Усходняга партнёрства», на якім прадстаўнік афіцыйнага Менску ізноў пачуе пасланне Еўразвязу: «Неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных вязняў». Лёс гэтага паслання невядомы – гэтаксама, як і лёс беларускіх палітвязняў.

Большасць з абвінавачаных у справе аб масавых закалотах ужо выйшла на свабоду з волі кіраўніка Беларусі, які ўспомніў пра «прынцыпы гуманнасці». Але за кратамі застаюцца тры экс-кандыдаты на прэзідэнцтва: Мікола Статкевіч, Дзмітрый Вус і Андрэй Саннікаў, – а таксама іншыя апаненты ўлады. Іхны стан здароўя выклікае непакой. Сёння сваякі палітвязняў і праваабаронцы кажуць, што жыццю кіраўніка «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча і экс-кандыдата Андрэя Саннікава пагражае небяспека.

Паводле праваабаронцы, пагроза рэальная, бо этапаванне аніяк не рэгулюецца сённяшнім заканадаўствам і там няма аніякага кантролю. Такім чынам, адбыцца можа ўсё, што заўгодна.

«Палітвязняў пераводзяць у калоніі з больш жорсткім рэжымам і, наколькі я ведаю, мэта адна: выціснуць з іх паперу з прашэннем аб памілаванні. Каб Лукашэнка мог іх вызваліць. Саннікаў быў у камандзе Лукашэнкі. А той такіх рэчаў не выбачае. Канечне, такім жэстам ён хацеў бы прынізіць Саннікава. А Дашкевіч – лідар моладзевай арганізацыі, ён вельмі перспектыўны як палітык і, канечне, яго хочуць зламаць, каб ён падпісаў паперы», – кажа спадар Волчак.

Сёння адвакатка Андрэя Саннікава перадала словы экс-кандыдата. Ён прызывае выратаваць Дашкевіча, кажучы, што таму пагражае сур’ёзная небяспека. Палітык просіць нават напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Праваабаронца лічыць, што ў гэтай сітуацыі любыя захады прымальныя: «Трэба тэрмінова звяртацца з калектыўнымі лістамі, як мы рабілі ў выпадку Казуліна, што паўплывала на ягонае вызваленне. Усім трэба згуртавацца і вызваліць іх», – заявіў Алег Волчак.

belsat.eu

Стужка навінаў