«Ленфільм» не хоча прыватызавацца


Вядомую расейскую кінастудыю збіраўся набыць адзін за найбагацейшых людзей Расеі, галоўны акцыянер фінансавай карпарацыі «Сістэма» Уладзімір Яўтушэнкаў. Ён ацаніў кошт усёй кінастудыі, разам з вялізарным абшарам зямлі, на якой знаходзяцца будынкі ды дэкарацыі, усяго на 105 мільёнаў расейскіх рублёў.

Бізнесовец заяўляў пра жаданне мадэрнізаваць і пераабсталяваць студыю. Аднак працаўнікі «Ленфільму» не паверылі ў ягоныя добрыя намеры. Падставаю была, вядома, цана, за якую Яўтушэнкаў збіраўся набыць кінастудыю, і той факт, што ў меркаваным новым кіраўніцтве пляцоўкі не знайшлося месца для рэжысёраў і сцэнарыстаў «Ленфільму».

«Прыйшоў Яўтушэнкаў і сказаў: «Я вас купляю». А мы што – прадаемся? Хто нас прадае? Нічога не было вядома – проста з’явіўся велізарны грашовы мех. Карціны, што ён выпускае, пакуль надзвычай слабыя. У кіно ён штосьці там разумее, але калі і так, то даволі павярхоўна. Паводле яго, на добрым кіно шмат не заробіш, у адрозненне ад дрэннага», – згадвае з’яўленне Уладзіміра Яўтушэнкава ў «Ленфільме» вядомы рэжысёр Аляксей Герман.

Сусветна вядомыя рэжысёры Аляксей Герман і Аляксандр Сакураў звярнуліся з адкрытым лістом да прэм’ер-міністра Пуціна, каб не дапусціць прыватызацыі студыі.

У выніку праз некалькі дзён Міністэрства культуры адклікала дакументы на прыватызацыю. Аднак пытанне не развязанае: «Ленфільм» мусіць быць рэарганізаваны альбо ўсё адно станецца часткаю «Сістэмы» Яўтушэнкава.

«Ленфільм» – адна з найбуйнейшых кінакампаніяў Расеі. Заснаваная ў 1918 годзе, студыя шматкроць здабывала прэстыжныя міжнародныя ўзнагароды, а шматлікія яе фільмы карыстаюцца прызнаннем і беларускага гледача.

belsat.eu

Стужка навінаў