ФСБ не ўпэўненая, што Канавалаў зрабіў бомбу ў сваім сутарэнні.


Эксперты расейскай спецслужбы не здолелі ўсталяваць групавую прыналежнасць канфіскаваных у меркаванага тэрарыста рэчываў і кампанентаў выбухоўкі ў метро.

Між тым, паводле расейскіх экспертаў, шэраг канфіскаваных рэчываў паводле наяўнасці асобных кампанентаў мае агульную радавую прыналежнасць з ужытымі для вырабу выбуховай прылады, якая спрацавала ў метро.

Акрамя таго, адмыслоўцы прыйшлі да высновы, што канфіскаваныя ў сутарэнні ды знойдзеныя на станцыі метро пасля выбуху кавалкі арматуры – «фрагменты аднаго стрыжня або стрыжняў, вырабленыя з аднаго аб’ёму рэчыва, злітка, нарыхтоўкі, гэта значыць маюць агульную групавую прыналежнасць паводле хімічнага складу рэчыва, з якога вырабленыя».

Разам з гэтым, створаны падчас следчага эксперыменту Д. Канавалавым макет выбуховай прылады не адпавядае высновам экспертаў аб прыладзе, прыведзенай у дзеянне на станцыі «Кастрычніцкая» паводле часткі складу запалу выбуховага прыстасавання і роду паражальных элементаў.

Акрамя гэтага, на аналіз беларускім экспертам далі канфіскаваныя пры ператрусе сутарэння сшытак і лісты з запісамі. Гэтак, на заключэнне экспертаў, прыведзеныя ў сшытку спосабы прыгатавання выбуховага рэчыва і вырабу таймера выбухной прылады не адпавядаюць тым, якія, хутчэй за ўсё, ужываліся пры выбуху ў 2008 годзе.

Суд таксама прадэманстраваў рэчавыя доказы ў справе: матэрыялы і рэчывы, канфіскаваныя пры вобшуку ў сутарэнні ў Bіцебску, рэчавыя доказы з ўзарванага вагона, адзенне і асабістыя рэчы, канфіскаваныя пры арышце Д. Канавалава і В. Кавалёва.

У адпаведнасці з экспертызаю, пры затрыманні ў Д. Канавалава канфіскавалі таблеткі для лячэння страўнікава-кішачных хваробаў, а ў 20 невядомых капсулах эксперты выявілі нітрыт натрыю, які таксама выкарыстоўваецца для стварэння выбуховых рэчываў.

belsat.eu

Стужка навінаў