МУС: Мы пераводзім яго на поўдзень, дзе саспяваюць абрыкосы


«Мы яго пераводзім на поўдзень, у Бабруйск, там так выдатна – выспяваюць абрыкосы. Вы самі падумайце: Бабруйск, Бердзічаў… Хіба габрэі селяцца там, дзе дрэнна?», – працытавала Ірына Халіп словы аднаго з супрацоўнікаў Дэпартаменту выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі (ДВП МУС).

Экс-кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава этапуюць у папраўчую калонію № 2 Бабруйску з-за публікацыяў ягонай жонкі Ірыны Халіп. Пра гэта ёй заявілі ў Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС, паведаміла журналістка 27 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

У ДВП, паводле Халіп, заявілі, што, пераводзячы Саннікава ў іншую калонію, ёй «пайшлі насустрач», бо жанчына ў сваіх артыкулах пісала, што «ў наваполацкай калоніі дрэнная экалогія».

Паводле жонкі палітыка, ёй «проста нахабна хлусілі ў вочы». Спачатку распавядалі, што Саннікаў пад’язджае да Бабруйску, потым казалі, што не вядома, калі ён туды прыбудзе, што ён сядзіць у Магілёве. «Пра Віцебск мне наогул нічога не казалі», – патлумачыла журналістка.

Пры гэтым Халіп падкрэсліла: «У Крымінальна-выканаўчым кодэксе нічога не напісана пра тое, што публікацыі ў прэсе ёсць падставаю для пераводу ў іншую калонію».

21 верасня Ірына Халіп атрымала тэлеграму ад начальніка наваполацкай калоніі, дзе адбываў пакаранне ейны муж. У тэлеграме паведамлялася, што Саннікава 20 верасня этапавалі ў папраўчую калонію № 2 Бабруйску.

23 верасня Халіп наведала Дэпартамент выканання пакаранняў, дзе ёй паведамілі: Саннікаў «у дарозе» і павінен быць дастаўлены ў бабруйскую калонію 24 верасня. Этап з Наваполацку ў бабруйскую калонію № 2 сапраўды прыбыў у суботу, аднак Саннікава сярод зняволеных не аказалася. Высветлілася, што ўвесь гэты час ён быў у віцебскім перасыльным пункце.

На сённяшні момант вядома, што Саннікаў утрымліваецца ў следчым ізалятары ў Магілёве. Колькі ён там прабудзе, не вядома.

belsat.eu

Стужка навінаў