У Беларусі хочуць развіваць медычны турызм


Паводле падлікаў, гэта можа ўзбагачаць бюджэт на $20 млн за год, але канкураваць давядзецца з такімі краінамі, як Ізраіль, Грузія ды Польшча.

Намеснік дырэктара дэпартаменту турызму Міністэрства спорту і турызму Андрэй Мартынаў адзначыў: “Каб атрымаць эфект ад медычнага турызму, трэба выконваць дзве ўмовы. Па-першае, якасць медычных паслугаў, а яна ў нашай краіне не выклікае сумневаў. Па-другое, пералік медычных паслугаў, аказанне якіх будзе пакрывацца страхоўкаю краіны, дзе стала жыве замежны турыст. То бок страхавая кампанія аналізуе, ці адпавядае паслуга крытэрам краіны жыцця замежніка. Калі так, то падпісваецца дамова на комплекс паслугаў: праезд, жыццё, харчаванне, лячэнне”.

У інтэрв’ю “Белсату” турыстычны аглядальнік Лілія Кобзік адзначыла: “Сапраўды, медычны турызм – вельмі паспяховы кірунак турыстычнай індустрыі, бо можна спалучаць адпачынак за мяжой і яшчэ атрымліваць высакаякасную дапамогу ў найлепшых медычных цэнтрах. Але Беларусі трэба над гэтым працаваць некалькі гадоў, каб стварыць індустрыю. Пакуль большасць медычных цэнтраў можна выкарыстоўваць як напамін пра сацыялізм. Да таго ж, нашыя асноўныя канкурэнты – гэта гіганты медычнага турызму – Ізраіль, Польшча, Грузія”.

Найбольшаю папулярнасцю медычны турызм карыстаецца ў жыхароў ЗША, Канады, Заходняй Еўропы. У Беларусі сярод замежнікаў больш за ўсё запатрабаваныя такія віды медычных паслугаў, як анкалогія, рэпрадукцыя, пластычная хірургія, стаматалогія. Напрыклад, кошт пластычных аперацыяў на 70% танней, чым у Расеі, а стаматалагічныя паслугі на 50% танней, чым у Польшчы ды Латвіі.

belsat.eu

Стужка навінаў